Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

Яна сустрэла мяне ў полі
З вянкамі чараў і надзей,
Дзе песьні буйныя на волі
Свабодна веялі з грудзей…
...........
Вясна ў цьвяту!..
Цьвітуць парэчкі,
Цьвіце язьмін на дне душы!..
Гаі альховыя над рэчкай
Сьмяюцца й журацца ў цішы.

А там у ярах пры даліне
У вішнях тонуць хутары, —
Дзе сьпевы кволаю вятрыньню
Калышуць змрок — вячэрні іней —
Плывуць спакойна з-пад гары.

І ловіць сэрца ў заміраньні
Акорды жыцьця цераз край:
„Гара высокая ў тумане,
А пад гарой зялёны гай“…