Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

II

Стаяў курган па-над ракою,
На ім высокая сасна
Хістала буйнай галавою,
Аб нечым думала яна.

Калі-ж над водамі пярсьцёнкам
Ўзыходзіў месяц малады, —
Тады глядзелася сасонка
Ў люстэрка сіняе вады.

Глядзела ў смутным задуменьні,
Аб шчасьці марыла на дне…
А вочы плакалі ў адценьні,
Блукалі вобразам у сьне.

Ды хвалі ў рогаце гульлівым,
Ў гульлівым посьвісьце яны
Кацілі вольна ў пералівах
Журбу адвечную сасны.