Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

А ўвосень — сінь… Калі над гаем
Ў апошняй песьні верхалін
Краса вяргіняй адцьвітае
Ды смутак сочыцца ў далі:

Калі лісьцё пасьцеле долу
Узор марознага вакна, —
Тады ў раздум‘і невясёлым
Гайдала гольлямі сасна.

І ў гэтай песьні адцьвітаньня
Ўсё-ж водгук радасьці зьвінеў,
Хоць ўсё жывое у тумане,
Ў тумане вечным патане.

Усё цьвіце… І адцьвітае…
Тане на дно… Плыве са дна!..
Таму й галінамі хістае
У смутку й радасьці сасна…
...........