Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/59

Гэта старонка не была вычытаная

Ой, песьні!.. Песьні-веснаплыні…
Маёй душы зялёнацьвет!..
Па ўлоньні цьмянае даліны
Крыніцай сочыцеся ў сьвет!..

Вы з кветак-ружаў сонцавею
Ўяце вянок жывых былін
Пад ветра-буйныя павевы,
Пад гоман сонечных калін!..

Бурлівым подыхам прадвесьня
Вы сны калышаце нізін.
Даўно я вас акорды-песьні
У зрэбнай радасьці насіў.

Яшчэ з маленства, як ніколі,
Мне матка зычыла сьпяваць, —
Калі трымала на прыполе
У сьпелай постаці жніва!..

А ў полі, полі красавалі
Красою-цьветам васількі.
Ды ў лузе гусьлі заміралі
Пад кволым шэпатам ракіт.