Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

Я доўга слухаў, як далёка
Танула водгульле ў бары.
Душа ў бяскрайнасьці глыбокай
Ўспрымала матчыны дары.

Таму ў сузор‘і сенажаці,
Як тухне прозалаць зары, —
Люблю касынкі завіваці
Каліне сочнай на гары.

Люблю я ноч на сенакосе,
У срэбрацьвецені кусты,
Як радасьць звонкую ўвосень,
Хоць долу сьцелюцца лісты.

Люблю на водарных пракосах
Журбу душы закалыхаць, —
Калі заўецца ў сініх росах
Травы мурожнай павіха,

Калі зара цьвіце над гаем,
А буйны вецер ля ракі
Ў зацішку вербы нагінае,
Гайдае мора асакі.