Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

Была цыганка Марыула,
Мяне пакінула яна…
І сэрца, поўнае разгулу,
Крыніцай сочыцца да дна.

Ў грудзёх хвалюецца адвага,
Хвалюе буйну галаву…
І ён, упоены развагай,
Схіліўся ў думках на траву.

Шумелі вербы над вадою,
З-за хмараў месяц выплываў.
Сядзеў цыган… І між сабою
Пад подых ветру разважаў.

І доўга, доўга ў сэрцы чулым,
Пад чорнай сьвіткаю, на дне,
Прыгожы вобраз Марыулы
Сьмяяўся ціха, як у сьне.

Маўчала ноч… Драмалі нівы…
І толькі ў зелені кустоў
Танула ў хвалях-пералівах
Стальное бразганьне падкоў,