Старонка:Ветры буйныя (1927).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

СОНЭТ

У цьвеце восені пунсова-залатым,
Дзе вербы гнуліся пад ветрамі да долу,
Плялі вянкі у прозалаці кволай
І асыпаліся кляновыя лісты…

А па-над возерам пажоўклыя кусты
Журбою веялі у радасьці вясёлай;
Гублялі пацеркі з туманнага прыполу,
Каб кветкам водарным у багне не астыць.

Так думкі канулі у жвірыстым прадоньні,
Струменьнем-воляю абуджаныя сёньня, —
Плывуць у даль за гоманам крыніц.

І ў сэрцы, ўзьвіраным пад звонкія акорды,
Вякоў гісторыю нам пішуць дні,
Калышуць цьмянае, адважна, буйна-горда.

1925 г.