Старонка:Востраў скарбаў.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

Ён быў бледны, і твар у яго блішчэў, быццам намазаны салам. На левай руцэ ў яго нехапала двух пальцаў. Нічога ваяўнічага не было ў ім, хоць у яго на поясе вісела шабля. Я заўсёды пільна сачыў за кожным мараком, будзь ён на адной назе ці на двух, і памятаю, што гэты чалавек вельмі мяне азадачыў. На марака ён быў мала падобны, і ўсё-ж я адчуваў, што ён з маракоў.

Я спытаў, чаго ён хоча, і ён патрабаваў рому. Я памкнуўся ісці з пакоя, каб выканаць яго даручэнне, але ён сеў за стол і зноў паклікаў мяне да сябе. Я спыніўся з сурвэткай у руцэ.

— Хадзі-тка сюды, сынок, — сказаў ён. — Падыйдзі бліжэй.

Я падышоў.

— Гэты стол накрыты для майго таварыша, штурмана Білі? — запытаў ён, усміхаючыся.

Я адказаў, што не ведаю ніякага штурмана Білі і што стол накрыты для аднаго нашага пастаяльца, якога мы завем капітанам.

— Ну што-ж, — сказаў ён, — майго таварыша, штурмана Білі, таксама можна называць капітанам. Гэта справы не змяняе. У яго шрам на шчацэ і вельмі прыемнае абыходжанне, асабліва калі ён нап'ецца. Вось які ён, мой штурман Білі. У вашага капітана таксама шрам на шчацэ. І якраз на правай шчацэ. Значыць, усё ў парадку, хіба не так? Дык вось, я хацеў-бы ведаць, ці знаходзіцца ён тут, у гэтым доме, мой мілы таварыш Білі?

Я адказаў, што ён пайшоў пагуляць.

— А па якой дарозе, сынок? Па якой дарозе ён пайшоў.

Я паказаў яму скалу, на якой штодня бываў капітан, і сказаў, што ён, напэўна, хутка вернецца.

— А як хутка? Праз гадзіну? Праз дзве?

І, задаўшы мне яшчэ некалькі розных пытанняў, ён сказаў нарэшце:

— Так, мой таварыш Білі ўзрадуецца мне, як выпіўцы.

Аднак, твар у яго пры гэтых словах быў пануры, і я меў усе падставы думаць, што капітан будзе не надта радавацца сустрэчы з ім. Але я тут-жа сказаў сабе, што