Старонка:Востраў скарбаў.pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

— А які гэта чорны знак, капітан? — спытаўся я.

— Гэта выклік, прыяцель. Накшталт павесткі: запрашэнне ў суд. Калі яны прышлюць, я табе скажу. Ты толькі не праваронь іх, мілы Джым, я падзялю з табой усё папалам, даю табе слова гонару.

Ён пачаў збівацца ў гаворцы, і яго голас усё слабеў. Я даў яму лякарства, і ён прыняў яго, як дзіцё.

— Ні адзін марак яшчэ не адчуваў такой патрэбы ў лякарстве, як я.

Хутка ён заняпаў у цяжкае забыццё, і я пакінуў яго аднаго.

Не ведаю, што-бы зрабіў, калі-б усё ішло добра. Магчыма, я расказаў-бы аб усім доктару, таму што я да смерці баяўся, каб капітан не пашкадаваў аб сваёй шчырасці і не забіў-бы мяне. Але абставіны склаліся інакш. У вечары раптам памёр мой бедны бацька, і мы забылі на ўсё астатняе. Я так быў ахоплены нашай бядою, наведваннем суседзяў, наладжваннем пахавання і працай у карчме, што ў мяне не было часу ні думаць аб капітане, ні баяцца яго.

У наступную раніцу ён зышоў уніз, як быццам нічога не здарылася. Еў у звычайны час, але без усякага апетыту, і, баюся, выпіў больш звычайнага, таму што сам частаваўся каля стойкі. Прытым ён пырхаў і сапеў так сярдзіта, што ніхто не адважыўся-б забараніць яму лішнюю выпіўку. Увечары напярэдадні пахавання ён быў п'яны, як звычайна. Агідна было чуць яго разбэшчаную, дзікую песню ў нашым агорнутым жалобай доме. І, хоць ён быў вельмі слабы, мы да смерці баяліся яго. Адзіны чалавек, які мог-бы закрыць яму глотку, — доктар — быў далёка; доктара выклікалі за некалькі міль да аднаго хворага, і пасля бацькавай смерці ён ні разу не паказваўся каля нашага дому.

Я сказаў, што капітан быў слабы. І сапраўды, яму не толькі не паляпшала, але як быццам усё пагаршала. Ён ледзь-ледзь узыходзіў на сходках і, хістаючыся, кандыбаў да нашай стойкі, часам ён высоўваў нос за дзверы падыхаць морам, але хапаўся пры гэтым за сцяну. Дыхаў ён цяжка і хутка, як чалавек, узыходзячы на стромкую гару.

Ён больш не заводзіў гутаркі са мной і, відаць, забыў аб сваёй нядаўняй шчырасці, але зрабіўся яшчэ больш