Старонка:Востраў скарбаў.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

успыльчывы, раздражлівы, не гледзячы на ўсю сваю слабасць. Напіўшыся, ён выцягваў шаблю і клаў яе перад сабой на стол і пры гэтым бадай што не заўважаў людзей, як быццам увесь захлынены сваімі думкамі ды брэдавымі зданнямі.

Аднойчы неяк, што вельмі дзівіла нас, ён нават пачаў насвістваць нейкую вясковую любоўную песеньку, якую, відаць, спяваў у юнацтве, перад тым як адправіцца ў мора.

У такім становішчы былі справы, калі на другі дзень насля пахавання — дзень быў пахмурны, імглісты і марозны, — у тры гадзіны пасля поўдня, я вышаў за дзверы і спыніўся на парозе. Мяне прыгнятала туга.

Раптам я заўважыў чалавека, які павольна цягнуўся па дарозе. Відавочна, ён быў сляпы, таму што дарогу перад сабой намацваў палкай. Над яго вачыма і носам вісеў зялёны шчыток. Згорблены старасцю ці хваробай, ён быў увесь захутаны ў стары, падраны матроскі плашч з капюшонам, які хаваў абрысы яго цела. Ніколі ў сваім жыцці не бачыў я такога страшнага чалавека. Ён спыніўся недалёка ад карчмы і гучна прамовіў на распеў дзіўным гугнявым голасам, звяртаючыся ў пусты прастор:

— Ці не скажа які-небудзь дабрадзей беднаму сляпому чалавеку, страціўшаму дарагі зрок у часе адважнай абароны сваёй радзімы, у якой мясцовасці ён знаходзіцца зараз?

— Вы знаходзіцеся каля карчмы „Адмірал Бенбоў“, у бухце Чорнага Ўзгорка, добры чалавек, — сказаў я.

— Я чую голас, — прыгугнявіў стары, — і малады голас. Дайце мне руку, добры малады чалавек, і правядзіце мяне ў гэты дом!

Я падаў яму руку, і гэтая жудасная бязвокая істота з такім саладкаватым голасам схапіла яе, быццам абцугамі.

Я так спалохаўся, што хацеў уцячы. Але сляпы прыцягнуў мяне да сябе.

— А цяпер, хлопчык, — сказаў ён, — вядзі мяне да капітана.

— Сэр, — сказаў я, — я, слова гонару, не адважуся.

— Не адважышся? — усміхнуўся ён. — Ах, вось як! Не адважышся! Вядзі мяне зараз-жа, а то я зламлю табе руку.

І ён так павярнуў маю руку, што я закрычаў.