Старонка:Востраў скарбаў.pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

— Ну, Джым, — сказала маці, — шукай ключ.

Я абшукаў капітанавы кішэні адзін за другім. Некалькі дробных манет, напарстак, ніткі ды тоўстая ігла, кавалак табакі, надкушаны з краю, нож з крывой ручкай, кішэнны компас, крэсіва — вось і ўсё, што я там знайшоў. Мяне ўжо ахоплівала роспач.

— Магчыма на шыі? — сказала маці.

Перамогшы агіднасць, я разарваў каўнер яго кашулі. І сапраўды, на прасмоленай вяроўцы, якую я зараз-жа перарэзаў уласным капітанавым нажом, вісеў ключ.

Гэтая ўдача абнадзеіла нашы сэрцы, і мы паспяшаліся наверх, у той цесны пакой, дзе так доўга жыў капітан і дзе ад дня яго прыезда стаяла яго скрынка.

Звонку гэта была самая звычайная матроская скрынка. На вечку відаць была літара Б, выпаленая гарачым жалезам. Куты былі абцёрты і збіты, быццам гэтая скрынка адслужыла доўгую і цяжкую службу.

— Дай мне ключ, — сказала маці.

Замок паддаваўся туга, аднак, ёй удалося адчыніць яго, і яна ў адну хвіліну адкінула вечка.

На нас патыхнула моцным пахам табакі і дзёгцю. Перш за ўсё мы ўбачылі новы, старанна вычышчаны і адпрасаваны касцюм, вельмі добры і, па думцы маці, яшчэ ні разу не адзяваны. Падняўшы касцюм, мы знайшлі кучу самых рознастайных рэчаў: квадрант[1], бляшаную кружку, некалькі кавалкаў табакі, дзве пары прыгожых пісталетаў, злітак серабра, старадаўні іспанскі гадзіннік, некалькі, не надта каштоўных, дробязей, пераважна замежнай вытворчасці, пару компасаў у мядзянай аправе ды пяць або шэсць дзівосных ракавін з Вест-Індыі. Потым я часта думаў, навошта капітан, які жыў такім непаседлівым, небяспечным злачынным жыццём, цягаў з сабой гэтыя ракавіны.

Але нічога каштоўнага, акрамя злітка серабра, ды дробязей, мы не знайшлі. Нам патрэбны былі грошы, толькі грошы. На самым сподзе ляжаў стары марскі плашч, па-

  1. Квадрант — старадаўняя прылада для вымервання вышыні нябесных цел.