Старонка:Востраў скарбаў.pdf/51

Гэта старонка была вычытаная

каб наглядаць за работамі на шкуне. Нам, да вялікай маёй радасці, трэба было ісці па наберажнай даволі далёка, міма мноства караблёў самых рознастайных памераў, аснастак і нацыянальнасцей. На адным працавалі і спявалі. На другім матросы высока над маёй галавой прывязвалі да верхавінак мачтаў канаты, якія знізу здаваліся не таўсцей за павуцінне. Хоць я ўсё жыццё пражыў на беразе мора, тут яно здзівіла мяне так, быццам я ўбачыў яго ўпершыню. Запах дзёгцю і солі быў новы для мяне. Я разглядваў разбярныя фігуркі на насах караблёў, якія пабывалі за акіянам. Я прагна разглядваў старых маракоў з завушнічкамі ў вушах, з закручанымі вусамі, з прасякнутымі дзёгцем касічкамі. Яны сноўдаліся па берагу нязграбнай марской паходкай. Калі-б замест іх мне паказалі каралёў ці архібіскупаў, я ўзрадаваўся-б значна менш.

Я таксама адпраўляюся ў мора! Я адпраўляюся ў мора на шкуне, з боцманам, які грае на ражку, з матросамі, якія носяць касічкі і пяюць песні! Я адпраўляюся ў мора, я паплыву да невядомага вострава шукаць зарытыя ў зямлю скарбы!

Я быў захоплены гэтымі салодкімі марамі пакуль мы не дайшлі, нарэшце, да вялікай гасцініцы. Нас сустрэў сквайр Трэлоўні. На ім быў сіні мундзір. Такія мундзіры звычайна носяць марскія афіцэры. Ён выходзіў з дзвярэй, шырока ўсміхаючыся. Ішоў ён не зыбаючыся, старанна пераймаючы гэтым паходку маракоў.

— Вось і вы! — усклікнуў ён. — А доктар яшчэ ўчора ўвечары прыбыў з Лондана. Вельмі добра! Цяпер уся каманла сабралася!

— О, сэр! — закрычаў я, — калі-ж мы адплываем?

— Адплываем? — паўтарыў ён запытанне. — Мы адплываем заўтра.

Раздзел VIII

ПАД ШЫЛЬДАЙ „ПАДЗОРНАЯ ТРУБА“

Калі я паснедаў, сквайр даў мне запіску да Джона Сільвера ў таверну „Падзорная Труба“. Ён растлумачыў мне, як шукаць яе: ісці па наберажнай, пакуль не ўбачыш над