Адносіны паміж сквайрам і капітанам Смолетам былі паранейшаму вельмі непрыязныя. Сквайр, зусім адкрыта, адклікаўся аб капітане пагардліва. Капітан ніколі не хацеў гаварыць са сквайрам, а калі сквайр пытаў пра што-небудзь, адказваў рэзка, коратка і суха. Вычэрпаўшы доказы, ён прымушаны быў прызнацца, што памыліўся, калі кепска характарызаваў каманду. Шмат якія матросы працавалі ўзорна, і паводзіны ўсёй каманды былі дасканалыя. А шкуна надзвычайна спадабалася яму.
— Яна слухаецца руля, як добрая жонка слухаецца мужа, сэр. Але, — дадаў ён, — дадому мы яшчэ не вярнуліся, і наша плаванне мне паранейшаму вельмі не падабаецца.
Сквайр пры гэтых словах паварочваўся да яго спіной і пачынаў хадзіць па палубе, задраўшы падбародак угару.
— Яшчэ крыху, — казаў ён, — і гэты чалавек канчаткова вывядзе мяне з цярпення.
Нам давялося перанесці буру, якая толькі пацвердзіла якасці нашай „Іспан'ёлы“. Каманда здавалася была задаволена, ды і нядзіўна. Па-мойму, ні на адным караблі не было так добра камандзе. Карысталіся ўсякім повадам, каб выдаць маракам падвойную порцыю грога. Варта было сквайру пачуць аб дні нараджэння каго-небудзь з матросаў, і зараз-жа наладжвалі свята для ўсіх. На палубе заўсёды стаяла бочка з яблыкамі, каб кожны, хто толькі пажадае, мог паласавацца імі, калі яму захочацца.
— Нічога добрага не выйдзе з гэтага, — казаў капітан доктару Лівсі. — Гэта іх толькі псуе. Вы мне такі паверце.
Аднак, бочка з яблыкамі, як вы ўбачыце, саслужыла нам вельмі добрую справу. Толькі дзякуючы гэтай бочцы мы былі ў пару папярэджаны аб небяспецы і не загінулі ад рукі здраднікаў.
Вось як гэта адбылося.
Мы ўжо знаходзіліся недалёка ад вострава, да якога плылі, — дакладнага месцазнаходжання яго я не маю права паведаміць. Удзень і ўноч глядзелі мы ўдалячынь, чакаючы, што ўбачым яго на кругавідзе. Паводле вылічэнняў, нам заставалася плыць менш за суткі. Або сёння ноччу, або, найпазней, заўтра перад палуднем мы ўбачым Востраў