— Гэта вы пан Н.? — пачуўся раптам ззаду ў мяне дзіцячы голас. Я азірнуўся: прада мною стаяў хлопчык.
— Гэта вам ад фрэйлен Annette, — дадаў ён, падаючы мне запіску.
Я разгарнуў яе — і пазнаў няправільны і таропкі почырк Асі. — «Я абавязкова павінна вас бачыць, пісала мне яна: — прыходзьце сёння ў чатыры гадзіны да каменнай капліцы на дарозе каля руін. Я зрабіла сёння вялікую неасцярожнасць… Прыдзіце, будзьце ласкавы, вы аб усім даведаецеся… Скажыце пасланаму: так».
— Будзе адказ? — запытаўся ў мяне хлопчык.
— Скажы, што: прыду, — адказваў я. Хлопчык пабег.
ХІУ
Я прышоў да сябе ў пакой, сеў і задумаўся. Сэрца маё моцна білася. Некалькі разоў перачытаў я запіску Асі. Я паглядзеў на гадзіннік: і дванаццаці яшчэ не было.
Дзверы адчыніліся — увайшоў Гагін.
Твар яго быў хмуры. Ён схапіў мяне за руку і моцна паціснуў яе. Ён здаваўся вельмі ўсхваляваным.
— Што з вамі? — запытаўся я.
Гагін узяў крэсла і сеў насупраць мяне. — Чацвертага дня, — пачаў ён з вымушанай усмешкай і запінаючыся: — я здзівіў вас сваім расказам; сёння здзіўлю яшчэ больш — з другім я, напэўна, не асмеліўся-б… так проста… Але вы благародны чалавек, вы мне прыяцель, ці не праўда? — Паслухайце: мая сястра, Ася, у вас закахана.
Я ўвесь затросся і прыўзняўся…
— Ваша сястра, кажаце вы…
— Так, так, — перапыніў мяне Гагін: — Я вам гавару, яна вар’ятка і мяне з розуму звядзе. Але, на шчасце, яна не ўмее ілгаць — і давярае мне. — Ах, што за душа ў гэтай дзяўчынкі… але яна сябе загубіць, абавязкова.
— Ды вы памыляецеся, — пачаў я.
— Не, не памыляюся. Учора, вы ведаеце, яна амаль увесь дзень праляжала, нічога не ела, між іншым, не скардзілася… Яна ніколі не скардзіцца. — Я не хваляваўся, хоць пад вечар у яе і паднялася тэмпература. Сёння, у дзве гадзіны ночы, мяне разбудзіла наша гаспадыня: ідзіце, кажа, да сваёй сястры: з ёю штосьці нядобра. — Я пабег да Асі і застаў яе нераздзетую, у гарачцы, у слязах, галава ў яе гарэла, зубы ляскалі. «Што з табою? — запытаўся я: — ты