часта ўсміхаўся і перабіраў белымі пальцамі па падбародку, пакрытаму ўжо рэдкім і цёмным пухам. Гаварыў ён па-купецку, але надта свабодна і з нейкай абыякавай самаўпэўненасцю — і ўсё глядзеў на яе тым-жа пільным і наглым позіркам… Раптам ён падсунуўся да яе крыху бліжэй і, ніколькі не змяніўшыся ў твары, сказаў ёй: «Аўдоцця Арэф’еўна, лепшай за вас на свеце нікога няма; я, здаецца памерці гатоў дзеля вас».
Аўдоцця моцна засмяялася.
— Чаго ты? — запытаў у яе Акім.
— Ды вось — яны такое ўсё смешнае расказваюць, — прагаварыла яна, без асаблівага, між іншым, замяшання.
Стары разносчык зарагатаў.
— Хе-хе, так-с; у мяне Навум такі ўжо балагур. Але вы яго не слухайце-с.
— Так! як-жа! стану я іх слухаць, — запярэчыла яна і паківала галавой.
— Хе-хе, вядома-с, — заўважыў стары. — Ну, аднак, — дадаў ён нараспеў: — даруйце-с, вельмі ўдзячны, а пара і на бакавую-с… — І ён устаў.
— Вельмі ўдзячны і мы-с, — прамовіў Акім і таксама ўстаў: — за пачастунак, гэта значыць; між іншым, спакойнай ночы жадаем. Аўдоцька, уставай.
Аўдоцця ўстала, нібы нехаця, за ёю ўстаў і Навум… і ўсе разышліся.
Гаспадары пайшлі ў асобную каморку, якая служыла ім замест спальні. Акім адразу-ж захроп. Аўдоцця доўга не магла заснуць… Перш яна ляжала ціха, павярнуўшыся тварам да сцяны; затым пачала кідацца на гарачай пярыне, то скідала то напягвала коўдру… пасля задрамала лёгкай дрымотай. Раптам пачуўся на дварэ гучны мужчынскі голас: ён спяваў нейкую працяжную, але не нудную песню, слоў якой нельга было разабраць… Аўдоцця расплюшчыла вочы, усперлася на локаць і пачала слухаць… Песня ўсё прадаўжалася… Звонка пералівалася яна ў асеннім паветры.
Акім падняў галаву.
— Хто гэта спявае? — запытаў ён.
— Не ведаю, — адказала яна.
— Добра спявае, — дадаў ён, памаўчаўшы крыху. — Добра, Ну, і галасішча-ж моцны. Вось і я ў свой час спяваў, — прадаўжаў ён: — і добра спяваў, ды голас сапсаваўся. А гэты добры. Відаць малайчына той спявае,