проста маладым хлопчыкам: я быў закаханы. Я сказаў, што з таго дня пачалася мая страсць: я мог-бы дадаць — што і пакуты мае пачаліся з таго-ж самага дня. Я мучыўся пры адсутнасці Зінаіды: нічога мне ў галаву не ішло, усё валілася з рук, я цэлымі днямі напружана думаў аб ёй… Я мучыўся… але ў часе яе прысутнасці мне станавілася не лягчэй. Я рэўнаваў, я разумеў сваю нікчэмнасць, я недарэчна дзьмуўся — і недарэчна рабалепстваваў: і ўсё-такі — непераадольная сіла цягнула мяне к ёй — і я кожны раз з мімавольнай дрыготкай шчасця пераступаў парог яе пакоя. Зінаіда адразу-ж здагадалася, што я закахаўся ў яе, ды я і не думаў утойваць гэтага; яна спацяшалася маёй страсцю, дурыла, песціла і мучыла мяне. Соладка быць адзінай крыніцай, самаўладнай і маўклівай прычынай найвялікшых радасцей і найглыбейшага гора для іншага — а я ў руках Зінаіды быў як мяккі воск. Між іншым, не я адзін закахаўся ў яе: усе мужчыны, якія наведвалі яе дом, былі страшэнна закаханы ў яе — і яна іх усіх трымала на прывязі — ля сваіх ног. Яе забаўляла ўзбуджаць у іх то надзеі, то апасенні, круціць імі, як уздумаецца ёй (гэта яна называла: стукаць людзей адзін аб другога) — а яны і не думалі супраціўляцца і ахвотна слухаліся яе. Ва ўсёй яе істоце, жывучай і прыгожай, была нейкая асаблівая прыемная сумесь хітрасці і бяспечнасці, штучнасці і прастаты, цішыні і рэзвасці: над усім, што яна рабіла, гаварыла, над кожным яе рухам насілася прыемная, лёгкая пяшчотнасць, ва ўсім выяўлялася своеасаблівая, гуляючая сіла. І твар яе ўвесь час мяняўся, таксама нібы гуляў: ён выражаў, амаль у адзін і той-жа час, — насмешлівасць, задуменнасць і страснасць. Рознастайнейшыя пачуцці, лёгкія, быстрыя, як цені воблакаў у сонечны ветраны дзень, увесь час перабягалі па яе вачах і губах.
Кожны з яе паклоннікаў быў ёй патрэбен. Белаўзораў, якога яна часамі называла «мой звер», а іншы раз проста «мой» — ахвотна кінуўся-б за яе ў агонь; не спадзеючыся на свае разумовыя здольнасці і іншыя годнасці, ён усё прапаноўваў ёй жаніцца, намякаючы на тое, што іншыя толькі дарэмна балбочуць. Майданаў адпавядаў паэтычным струнам яе душы: чалавек досыць халодны, як амаль усе сачыніцелі, ён напружана запэўняў яе, а магчыма, і сябе, што ён яе абажае, усхваляючы яе ў бясконцых вершах і чытаў іх ёй з нейкім і ненатуральным і шчырым захапленнем. Яна і спачувала яму і крыху падтруньвала над ім; яна кепска яму верыла і, наслухаўшыся яго прызнанняў, прымушала