Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

да іх у флігель, стараўся трымацца каля старой княгіні, не гледзячы на тое, што яна вельмі сварылася і крычала іменна ў гэты час: яе вексельныя справы ішлі надта дрэнна, і яна ўжо мела дзве сур’ёзныя размовы з квартальным.

Аднойчы я праходзіў у садзе каля вядомага плоту — і ўбачыў Зінаіду: падпершыся абодвума рукамі, яна сядзела на траве і не варушылася. Я хацеў было асцярожна пайсці ад яе, — але яна раптам падняла галаву — і зрабіла мне загадны знак. Я замёр на месцы: я не зразумеў яе адразу. Яна паўтарыла свой знак. Я неадкладна пераскочыў цераз плот і радасна падбег да яе; але яна спыніла мяне позіркам і паказала мне на дарожку, што была за два крокі ад яе. У замешанні, не ведаючы што рабіць, я стаў на калені на краю дарожкі. — Яна да таго была бледная, такі горкі смутак, такая глыбокая стомленасць былі ў кожнай яе рысе, што сэрца ў мяне сціснулася і я мімаволі прамармытаў: што з вамі?

Зінаіда працягнула руку, сарвала нейкую траўку, укусіла яе і адкінула ад сябе далей.

— Вы мяне вельмі кахаеце? — запыталася яна нарэшце. — Так?

Я нічога не адказваў, — ды і навошта мне было адказваць.

— Так, — паўтарыла яна, па-ранейшаму гледзячы на мяне. — Гэта так. Такія-ж вочы, — дадала яна, задумалася і закрыла твар рукамі. — Усё мне апрыкрыла, — прашаптала яна: — пайшла-б я на край свету, не магу я гэта перанесці, не магу зладзіць… І што чакае мяне наперадзе!.. Ах, мне цяжка… Божа мой, як цяжка!

— З-за чаго? — запытаўся я нясмела.

Зінаіда мне не адказвала і толькі паціснула плячыма. Я прадаўжаў стаяць на каленях і з глыбокім смуткам глядзеў на яе. Кожнае яе слова так і ўразалася мне ў сэрца. У гэты момант я, здаецца, ахвотна-б аддаў жыццё сваё, толькі б яна не гаравала. Я глядзеў на яе — і, усё такі, не разумеючы, чаму ёй было цяжка, жвава ўяўляў сабе, як яна раптам, у прыпадку нястрымнай тугі, пайшла ў сад — і кінулася на зямлю, як падкошаная. — Навокал было і светла, і зелена; вецер шамацеў у лісці дрэў, зрэдку хістаючы доўгую галіну маліны над галавой Зінаіды. Дзесьці варкавалі галубы — і пчолы гудзелі, нізка пералятаючы па рэдкай траве. Зверху ласкава сінела неба — а мне было так маркотна…

— Прачытайце мне якія-небудзь вершы, — прагаварыла