Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

сцішка Зінаіда і абапёрлася на локаць. — Я люблю, калі вы чытаеце вершы. Вы спяваеце, але гэта нічога, гэта молада. Прачытайце мне: «На ўзгорках Грузіі». — Толькі сядзьце перш.

Я сеў і прачытаў: «На ўзгорках Грузіі».

— «Што не кахаць яно не можа», — паўтарыла Зінаіда. — Вось, чым паэзія добра: яна гаворыць нам тое, чаго няма, і што не толькі лепш за тое, што ёсць, але нават больш падобна да праўды… Што не кахаць — яно не можа — і хацела-б, ды не можа! — Яна зноў сціхла і раптам схамянулася і ўстала. — Пойдзем. У матулі сядзіць Майданаў; ён мне прынёс сваю паэму, а я яго пакінула. Ён таксама засмучаны цяпер… што рабіць! вы калі-небудзь даведаецеся… толькі не сярдуйце на мяне!

Зінаіда торапка паціснула мне руку і пабегла наперад. Мы вярнуліся ў флігель. Майданаў пачаў чытаць нам свайго толькі што надрукаванага «Забойцу», але я не слухаў яго. Ён выкрыкваў нараспеў свае 4-стопныя ямбы — рыфмы чаргаваліся і звінелі, як званочкі, пуста і гучна, а я ўсё глядзеў на Зінаіду і ўсё стараўся зразумець значэнне яе апошніх слоў.

„Иль, может быть, соперник тайный
Тебя нежданно покорил?“

усклікнуў раптам гнусавы Майданаў — і мае вочы і вочы Зінаіды сустрэліся. Яна апусціла іх і крыху пачырванела. Я ўбачыў, што яна пачырванела, і пахаладзеў ад сполаху. Я ўжо раней рэўнаваў да яе — але думка аб тым, што яна пакахала, толькі ў гэты момант прамільгнула ў маёй галаве. «Божа мой! яна пакахала!»

Х

Сапраўдныя мае пакуты пачаліся з гэтага моманту. Я ламаў сабе галаву, раздумваў, перадумваў, — і неадступна, хоць па меры магчымасці скрытна, назіраў за Зінаідай. У ёй адбылася перамена — гэта было відавочна. Яна ішла гуляць адна і гуляла доўга. Іншы раз яна гасцям не паказвалася; цэлымі гадзінамі сядзела ў сябе ў пакоі. Перш гэтага за ёй не назіралася. Я раптам зрабіўся, — ці мне здалося, што я зрабіўся, — надзвычай праніклівым. «Ці не ён? або ўжо ці не ён? пытаўся я ў самога сябе, трывожна перабягаючы думкай ад аднаго яе паклонніка да другога. Граф Малеўскі (хоць я і саромеўся за Зінаіду ў гэтым прызнацца) тайком здаваўся мне небяспечнейшым за другіх.