Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

Мая назіральнасць не бачыла далей свайго носа, і мая скрытнасць, напэўна, нікога не ашукала; прынамсі, доктар Лушын хутка мяне раскусіў. Між іншым, і ён змяніўся ў апошні час: ён пахудзеў, смяяўся таксама часта, але неяк глушэй, зласней і карацей — мімавольная, нервовая раздражняльнасць змяніла ў ім ранейшую лёгкую іронію і напышлівы цынізм.

— Што вы гэта ўвесь час цягаецеся сюды, малады чалавек, — сказаў ён мне аднойчы, застаўшыся са мной ў гасцінай Засекіных. (Княжна яшчэ не вярнулася з прагулкі, а крыклівы голас княгіні чуўся ўсё ў мезаніне; яна сварылася са сваёй пакаёўкай.) — Вам патрэбна было-б вучыцца, працаваць — пакуль вы малады — а вы — што робіце?

— Вы не можаце ведаць, ці працую я дома, — запярэчыў я яму не без ганарлівасці, але і не без збянтэжання.

— Якая ўжо тут работа! У вас не тое ў галаве. Ну, я не спрачаюся… у вашы годы гэта ў парадку рэчаў. Ды выбар вось ваш надта няўдачны. Хіба вы не бачыце, што гэта за дом?

— Я вас не разумею, — заўважыў я.

— Не разумееце? тым горш для вас. Я лічу абавязкам перасцерагчы вас. Нашаму брату, старому халасцяку, можна сюды хадзіць: што нам зробіцца? мы народ прагартаваны, нас нічым не прабярэш, а ў вас скурачка яшчэ далікатная; тут для вас паветра шкоднае — паверце мне; заразіцца можаце.

— Як гэта?

— Ды так. Хіба вы здаровы цяпер? Хіба вы ў нармальным становішчы? Хіба тое, што вы адчуваеце — карысна для вас, добра?

— Ды што я адчуваю? — сказаў я, а сам у душы разумеў, што доктар праўду кажа.

— Эх, малады чалавек, малады чалавек, — прадаўжаў доктар з такім выразам, як быццам у гэтых двух словах заключалася штосьці для мяне надта крыўднае: — дзе вам хітраваць? Ды ў вас яшчэ, дзякуй богу, што на душы, тое і на твары. А ў тым, што і гаварыць! я і сам сюды не хадзіў-бы, калі-б… (доктар сціснуў зубы)… калі-б я не быў такі-ж дзівак. Толькі вось чаму я здзіўляюся: як вы, з вашым розумам, не бачыце, што робіцца навокал вас?

— А што-ж такое робіцца? — падхапіў я, і ўвесь насцярожыўся.

Доктар паглядзеў на мяне з нейкім насмешлівым шкадаваннем.