— Добры нябось і я, — прагаварыў ён, нібы сам сабе: — вельмі патрэбна гэта яму гаварыць. Адным словам, — дадаў ён, павысіўшы голас, — паўтараю вам: тутэйшая атмасфера вам непрыгодна. Вам тут прыемна — ды мала чаго няма! І ў аранжарэі таксама прыемна пахне, ды жыць у ёй нельга. Гэй! Паслухайце, вазьміцеся зноў за Кайданава.
Княгіня ўвайшла і пачала скардзіцца доктару на зубны боль. Пасля з’явілася Зінаіда.
— Вось, — дадала княгіня, — пан доктар, пасварыцеся на яе. Цэлы дзень п’е ваду з лёдам — хіба ёй гэта здорава пры яе слабых грудзях?
— Навошта вы гэта робіце? — запытаўся Лушын.
— А што з гэтага можа атрымацца?
— Што? вы можаце прастудзіцца і памерці.
— На самай справе? Няўжо? Ну, што-ж — туды і дарога.
— Вось як, — прабурчэў доктар. Княгіня пайшла.
— Вось як, — паўтарыла Зінаіда. — Хіба жыць так весела? азірніцеся кругом… Што — добра? Ці вы думаеце, што я гэтага не разумею, не адчуваю? Мне прыемна піць ваду з лёдам, і вы сур’ёзна можаце запэўніць мяне, што такое жыццё варта таго, каб не рыскнуць ім за міг прыемнасці — я ўжо аб шчасці не гавару.
— Ну так, — заўважыў Лушын, — капрыз і незалежнасць — гэтыя два словы вас вычэрпваюць: уся ваша натура ў гэтых двух словах.
Зінаіда нервова засмяялася.
— Спазніліся поштай, любезны доктар. Назіраеце дрэнна — адстаеце. — Надзеньце акуляры. — Не да капрызаў мне цяпер; вас абдурваць, сябе абдурваць… вось дык весела — а што да незалежнасці… Мс’е Вальдэмар, — дадала раптам Зінаіда і тупнула ножкай: — не рабіце меланхалічнай фізіяноміі. Я цярпець не магу, калі мяне шкадуюць. — Яна хутка вышла.
— Шкодная, шкодная вам тутэйшая атмасфера, малады чалавек, — яшчэ раз сказаў мне Лушын.
XI
Вечарам таго-ж дня сабраліся ў Засекіных звычайныя госці; я быў у іх ліку.
Размова зайшла аб паэме Майданава; Зінаіда чыстасардэчна яе хваліла. — Але ведаеце што? — сказала яна яму: — калі-б я была паэтам — я брала-б іншыя сюжэты.