імі не заўважалася: Акім не звяртаў на яго вялікай увагі і ведаў толькі аб ім, як аб кемлівым хлапцы, які спрытна пайшоў у ход. Сапраўдных пачуццяў Аўдоцці ён не падазраваў і прадаўжаў давяраць ёй па-ранейшаму.
Так прайшло яшчэ два гады.
Вось, аднойчы, у летні дзень, перад абедам, гадзіне а другой, Лізавета Прохараўна, якая на працягу іменна гэтых двух гадоў неяк раптам зморшчылася і пажаўцела, не глядзячы на ўсялякія прыціранні, румяны і бялілы, — Лізавета Прохараўна з сабачкам і складным парасонікам вышла пагуляць у свой нямецкі чысценькі садочак. Злёгку пашоргваючы накрухмаленай сукенкай, ішла яна маленькімі крокамі па пясчанай сцежцы, між двума радамі выцягненых у струнку вяргінь, як раптам яе здагнала старадаўняя наша знаёмая Кірылаўна і пачціва далажыла, што нейкі Б-й купец жадае яе бачыць па вельмі важнай справе. Кірылаўна па-ранейшаму карысталася панскай ласкай (па сутнасці яна кіравала маёнткам пані Кунцэ) і з некаторага часу атрымала дазвол насіць белы чапец, што надавала яшчэ больш рэзкасці тонкім рысам яе смуглявага твара.
— Купец? — запыталася пані. — Што яму патрэбна?
— Не ведаю, што ім трэба, — запярэчыла Кірылаўна ўкрадчывым голасам: — а толькі, здаецца, яны жадаюць у вас штосьці купіць.
Лізавета Прохараўна вярнулася ў гасціную, села на звычайнае сваё месца, крэсла з купалам, па якому прыгожа віўся плюшч, і загадала паклікаць Б…ага купца.
Увайшоў Навум, пакланіўся і спыніўся ля дзвярэй.
— Я чула, вы ў мяне штосьці купіць хочаце? — пачала Лізавета Прохараўна і сама падумала: — які прыгожы мужчына гэты купец.
— Правільна-с.
— А што-ж іменна?
— Мо’ будзеце прадаваць пастаялы ваш двор?
— Які двор?
— Ды вось, што на вялікай дарозе, адсюль недалёка.
— Ды гэты двор не мой. Гэта Акімаў двор.
— Як не ваш? На вашай зямельцы сядзіць-жа.
— Зямля то мая… на маё імя куплена; ды двор вось яго.
— Так-с. Дык вось, можа вы яго нам прадасце?
— Як-жа я яго прадам?
— Так-с. А мы цану-б добрую далі.
Лізавета Прохараўна памаўчала.