Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

Магчыма, усё гэта глупства, — але мне іншы раз прыходзяць у галаву дзіўныя думкі, асабліва калі я не сплю, перад раніцай, калі неба пачынае станавіцца і ружовым і шэрым. — Я-б, напрыклад… Вы не будзеце з мяне смяяцца?

— Не! не! — усклікнулі мы ўсе ў адзін голас.

— Я прадставіла-б, — прадаўжала яна, склаўшы рукі на грудзях і накіраваўшы вочы ўбок: — цэлую кампанію маладых дзяўчат, уначы, у вялікай лодцы — на ціхай рацэ. Месяц свеціць, а яны ў белым і ў вянках з белых кветак, і спяваюць ведаеце, што-небудзь накшталт гімна.

— Разумею, разумею, прадаўжайце — значна і летуценна прагаварыў Майданаў.

— Раптам — шум, рогат, факелы, бубны на беразе… Гэта натоўп вакханак бяжыць, з песнямі, з крыкам. Ужо тут ваша справа намаляваць карціну, пан паэт… толькі я хацела-б, каб факелы былі чырвоныя і надта дыміліся і каб вочы ў вакханак блішчэлі пад вянкамі, а вянкі павінны быць цёмныя. Не забудзьце таксама тыгравых скур і чаш — і золата, многа золата.

— Дзе-ж павінна быць золата? — запытаўся Майданаў, адкідаючы назад свае плоскія валасы і расшыраючы ноздры.

— Дзе? на плячах, на руках, на нагах, усюды, Кажуць, у старажытнасці жанчыны залатыя кольцы насілі на шчыкалатках. Вакханкі клічуць да сябе дзяўчын у човен. Дзяўчаты перасталі спяваць свой гімн — яны не могуць яго прадаўжаць — але яны не варушацца: рака падносіць іх да берага. І вось, раптам адна з іх ціха ўстае… Гэта трэба добра апісаць: як яна ціха ўстае пры святле месяца, і як яе сяброўкі палохаюцца… Яна пераступіла край лодкі, вакханкі яе акружылі, аднеслі ў ноч, у цемень… Уявіце сабе тут дым клубамі, і ўсё змяшалася. Толькі чуецца іх піск, ды вянок яе застаўся на беразе.

Зінаіда змоўкла. (О! яна пакахала! — падумаў я зноў).

— І толькі? — запытаўся Майданаў.

— Толькі, — адказвала яна.

— Гэта не можа быць сюжэтам для цэлай паэмы, — важна заўважыў ён, — але для лірычнага верша я вашу думку скарыстаю.

— У рамантычным родзе? — запытаўся Малеўскі.

— Вядома, у рамантычным родзе, Байранаўскім.

— А па-мойму, Гюго лепш за Байрана, — абыякава прагаварыў малады граф: — цікавей.

— Гюго пісьменнік першакласны, — запярэчыў Майда-