наў: — і мой прыяцель. Тонкашыяў, у сваім інспанскім рамане Эль-Травадор…
— Ах, гэта тая кніга з перакуленымі пытальнікамі? — перапыніла Зінаіда.
— Ды гэта так прынята ў іспанцаў. Я хацеў сказаць, што Тонкашыяў…
— Ну! вы зноў пачнеце спрачацца аб класіцызме і рамантызме, — зноў перапыніла яго Зінаіда. — Давайце лепш гуляць…
— У фанты? — падхапіў Лушын.
— Не, у фанты нудна; а ў параўнанні. (Гэту гульню прыдумала сама Зінаіда: называўся які-небудзь прадмет, кожны стараўся параўнаць яго з чым-небудзь, і той, хто падбіраў лепшае параўнанне, атрымліваў прыз). Яна падышла да акна. Сонца толькі што зайшло, на небе высока стаялі доўгія чырвоныя воблакі.
— Да чаго падобны гэтыя воблакі? — запыталася Зінаіда і, не чакаючы нашага адказу, сказала: — я лічу, што яны падобны да тых пурпуровых парусоў, якія былі на залатым караблі ў Клеапатры, калі яна ехала насустрач Антонію. Памятаеце, п. Майданаў, вы нядаўна мне аб гэтым расказвалі?
Усе мы, як Палоній у «Гамлеце», рашылі, што воблакі нагадвалі іменна гэтыя парусы, і што лепшага параўнання ніхто з вас не знойдзе.
— А колькі год было тады Антонію? — запыталася Зінаіда.
— Напэўна ўжо быў малады чалавек, — заўважыў Малеўскі.
— Так малады, — запэўняльна пацвердзіў Майданаў.
— Прабачце, — усклікнуў Лушын: — яму было за сорак год.
— За сорак год, — паўтарыла Зінаіда, зірнуўшы на яго быстрым позіркам.
Я хутка пайшоў дадому. — «Яна пакахала», мімаволі шапталі мае губы… «Але каго?»
ХII
Дні праходзілі. Зінаіда рабрася ўсё больш дзіўнай, незразумелай. Аднойчы я зайшоў да яе і ўбачыў яе сядзячай на саламяным крэсле, з галавой, прыціснутай да вострага краю стала. Яна выпрасталася… Увесь твар яе быў абліты слязьмі.