Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

лася нават убачыць яе, вінавайцу гэтых новых адчуванняў. Мне здавалася, што ўжо больш нічога не трэба было патрабаваць ад лёсу, што цяпер варта было-б «узяць, уздыхнуць добра апошні раз, дый памерці». Затое, у наступны дзень, ідучы ў флігель, я адчуваў вялікую збянтэжанасць, якую дарэмна стараўся захаваць пад лічынай скромнай развязнасці, прыстойнай чалавеку, які жадае паказаць, што ён умее захаваць тайну. Зінаіда прыняла мяне вельмі проста, без усялякага хвалявання — толькі пагразіла мне пальцам і запыталася: ці няма ў мяне сінякоў? Уся мая скромная развязнасць і таямнічнасць зніклі ўмомант, а разам з імі і збянтэжанасць мая. Вядома, я нічога не чакаў асаблівага, але спакой Зінаіды мяне нібы халоднай вадой абліў: я зразумеў, што я дзіця ў яе вачах — і мне стала вельмі цяжка! Зінаіда хадзіла ўзад і ўперад па пакоі, кожны раз усміхалася, як толькі заглядала на мяне; але думкі яе былі далёка — я гэта ясна бачыў… «Загаварыць самому аб учарайшай справе, — падумаў я: — запытаць у яе, куды яна так спяшалася, каб даведацца канчаткова…» але я толькі махнуў рукою і прысеў у куток.

Зайшоў Белаўзораў, і я ўзрадаваўся яму.

— Не знайшоў я вам пад сядло каня, спакойнага, — загаварыў ён злосным голасам: — Фрэйтаг мне ручаецца за аднаго, ды я не ўпэўнен. Баюся.

— Чаго-ж вы баіцеся? — запыталася Зінаіда. — Дазвольце запытацца.

— Чаго? Вы-ж не ўмееце ездзіць. Яшчэ што здарыцца, барані бог! І што за фантазія прышла вам раптам у галаву!

— Ну, гэта мая справа, мс’е мой звер. У такім выпадку я папрашу Пятра Васільевіча… (Майго бацьку звалі Пятром Васільевічам. Я здзівіўся, што яна так лёгка і свабодна ўспомніла яго імя, нібы яна была ўпэўнена ў яго гатоўнасці ўслужыць ёй.)

— Вось што, — сказаў Белаўзораў. — Вы гэта з ім хочаце ездзіць?

— З ім — ці з другім — гэта для вас усёроўна. Толькі не з вамі.

— Не са мной, — паўтарыў Белаўзораў. — Як хочаце. Што-ж? Я вам каня дастаўлю.

— Ды толькі глядзіце — не карову якую-небудзь. Я вас папярэджваю, што я хачу скакаць.

— Скачыце, бадай. З кім-жа гэта, з Малеўскім ці што, вы паедзеце?

— А чаму-ж і не з ім — воін? Ну, супакойцеся, — дадала