яна — і не паблісквайце вачыма. Я і вас вазьму. Вы ведаеце, што для мяне цяпер Малеўскі — фі! — Яна страсянула галавой.
— Вы гэта гаворыце, каб мяне пацешыць, — прабурчэў Белаўзораў.
Зінаіда прыжмурылася. — Гэта вас спацяшае?.. О… о… о… воін! — сказала яна нарэшце, як-бы не знайшоўшы іншага слова. — А вы мс’е Вальдэмар, паехалі-б вы з намі?
— Я не люблю… у вялікай кампаніі… — прамармытаў я, не падымаючы вачэй.
— Вы лічыце за лепшае tête à-tête?.. Ну, вольнаму воля, спасёнаму… рай, — прагаварыла яна ўздыхнуўшы. — Ідзіце-ж, Белаўзораў, клапаціцеся. Мне конь патрэбен на заўтрашні дзень.
— Так; а грошы дзе ўзяць? — умяшалася княгіня.
Зінаіда наморшчыла бровы.
— Я ў вас іх не прашу — Белаўзораў мне паверыць.
— Паверыце, паверыце… — прабурчэла княгіня, і раптам ва ўсё горла закрычала: — Дуняшка!
— Maman, я вам падарыла званочак, — заўважыла княжна.
— Дуняшка! — паўтарыла старая.
Белаўзораў адкланяўся, я пайшоў разам з ім… Зінаіда мяне не стрымлівала.
XIV
У наступную раніцу я ўстаў рана — выразаў сабе палку — і адправіўся на заставу. Пайду, думаў, развею сваё гора. Дзень быў прыгожы, светлы і не надта спякотны: вясёлы, свежы вецер гуляў над зямлёй — і ў меру шумеў, усё варушачы і нічога не трывожачы. Я доўга блукаў па гарах, па лясах; я не адчуваў сябе шчаслівым — я вышаў з дому з намерам аддацца смутку; але маладосць, цудоўнае надвор’е, свежае паветра, уцеха шпаркай хады, пяшчота самотнага ляжання на густой траве — узялі сваё: успаміны аб тых незабыўных словах, аб тых пацалунках, зноў улезлі мне ў душу. Мне прыемна было думаць, што Зінаіда не можа, аднак, не аддаць справядлівасць маёй рашымасці, майму гераізму… «Другія для яе лепш за мяне, — думаў я, — няхай! Затое другія толькі скажуць, што зробяць — а я зрабіў… І ці тое я магу яшчэ зрабіць для яе!..» — Уяўленне маё заіграла. Я пачаў думаць, як я буду выратоўваць яе з рук непрыяцеляў, як я, увесь абліты крывёю, вырву яе з цямніцы, як памру ля яе ног. Я ўспомніў карціну, што вісела ў нашай гасцінай: Малек-Адэля, які ўносіць Матыль-