ду… і адразу-ж заняўся паяўленнем вялікага стракатага дзятла, які клапатліва падымаўся па тонкаму ствалу бярозы і з трывогай выглядаў з-за яе — то направа, то налева, нібы музыка з-за шыйкі кантрабаса.
Пасля я заспяваў: «Не белы снягі», і звёў на вядомы ў той час раманс: «Я жду цябе, калі зефір гуллівы»; затым я пачаў уголас чытаць зварот Ермака да зорак з трагедыі Хамякова; паспрабаваў быў стварыць сам што-небудзь у чуллівым тоне — прыдумаў нават радок, якім павінен быў заканчвацца ўвесь верш: «О Зінаіда! Зінаіда!» але нічога не вышла. Між тым, падыходзіў час абеду. Я спусціўся ў даліну: вузкая пясчаная дарожка вілася па ёй і вяла ў горад. Я пайшоў па гэтай дарожцы… Глухі стук конскіх капытоў пачуўся за мною. Я азірнуўся, мімаволі спыніўся і зняў шапку: я убачыў свайго бацьку і Зінаіду. Яны ехалі побач. Бацька гаварыў ёй штосьці, перагнуўшыся да яе ўсім станам і абапёршыся рукою на шыю каня; ён усміхаўся; Зінаіда слухала яго моўчкі, строга апусціўшы вочы і сціснуўшы губы. Я перш убачыў іх адных; толькі праз некаторы момант, з-за павароту даліны, паказаўся Белаўзораў, у гусарскім мундзіры з менцікам, на ўспененым вараным кані. Добры конь матляў галавою, фыркаў і танцаваў: коннік і стрымліваў яго, і шпорыў. Я сышоў убок. Бацька падабраў павады, адхіліўся ад Зінаіды, яна павольна на яго зірнула — і абое паехалі рыссю… Белаўзораў праімчаўся ўслед за імі, бразгаючы шабляй… «Ён чырвоны як рак, — падумаў я, — яна — чаму яна такая бледная? ездзіла конна цэлую раніцу — і бледная?»
Я падвоіў крокі — і паспеў дадому перад самым абедам. Бацька ўжо сядзеў пераапрануты, вымыты і свежы каля матчынага крэсла і чытаў ёй сваім роўным і гучным голасам сам фельетон „Journal des Débats“ але матуля слухала яго без увагі і, убачыўшы мяне, запыталася, дзе я прападаў цэлы дзень і дадала, што не любіць, калі цягаюцца бог ведае дзе — і бог ведае з кім. Ды я гуляў адзін, хацеў было адказаць ёй, але паглядзеў на бацьку і чамусьці прамаўчаў.
XV
На працягу наступных пяці, шасці дзён я амаль не бачыў Зінаіды; яна была хворай, што не перашкаджала, аднак, звычайным наведвальнікам флігеля з’яўляцца — як яны гаварылі — на сваё дзяжурства — усім, апрача Майданава, які адразу падаў духам і сумаваў, як толькі не меў выпадку за-