хапляцца. Белаўзораў сядзеў панура ў кутку, увесь зашпілены і чырвоны; на далікатным твары графа Малеўскага заўсёды блукала нейкая нядобрая ўсмешка; ён, сапраўды, упаў у няміласць у Зінаіды і з асаблівай стараннасцю падслугоўваў старой княгіні, ездзіў з ёй ў возніцкай карэце да генерал-губернатара; між іншым, гэта паездка аказалася няўдачнай, і Малеўскаму здарылася нават непрыемнасць: яму напомнілі нейкую гісторыю з нейкімі пуцейскімі афіцэрамі — і ён павінен быў у тлумачэннях сваіх, сказаць, што быў тады неспрактыкаваны. Лушын прыязджаў разы два на дзень, але заставаўся нядоўга: я крыху баяўся яго пасля нашай апошняй размовы — і ў той-жа час адчуваў да яго шчырую прыхільнасць. — Ён аднойчы пайшоў гуляць са мною па Няскучнаму саду, быў надта добрадушным і ласкавым, паведамляў мне назвы і ўласцівасці розных траў і кветак — і раптам, як кажуць, ні к сялу, ні к гораду — усклікнуў, ударыўшы сябе па ілбу: «а я, дурань, думаў, што яна какетка! Як відаць, афяроўваць сабою — соладка — для іншых».
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — запытаўся я.
— Вам я нічога не хачу сказаць, — адрывіста запярэчыў Лушын.
Мяне Зінаіда ўнікала: маё паяўленне — я не мог гэтага не заўважыць — стварала на яе ўражанне непрыемнае. Яна мімаволі адварочвалася ад мяне… мімаволі; вось што было горка, вось што мяне мучыла — але дапамагчы нічым нельга было — і я стараўся не трапляць ёй на вочы, і толькі здалёк яе падпільноўваў, што не заўсёды мне ўдавалася. З ёй па-ранейшаму адбывалася штосьці незразумелае: яе твар стаў іншы, уся яна іншая стала. Асабліва здзівіла мяне перамена, якая адбылася ў ёй у адзін цёплы ціхі вечар. Я сядзеў на нізенькай лавачцы пад шырокім кустом бузіны; я любіў гэта месцейка: адтуль было відаць акно зінаідзінага пакоя. Я сядзеў: над маёй галавой у пацямнеўшых лісцях рупліва варушылася маленькая птушка; шэры кот, выгнуўшы спіну, асцярожна падкрадваўся ў сад, і першыя жукі цяжка гудзелі ў паветры, яшчэ празрыстым, хоць ужо не светлым. Я сядзеў і глядзеў на акно — і чакаў — ці не адчыніцца яно: правильна, яно адчынілася — і ў ім паявілася Зінаіда. На ёй была белая сукенка — і сама яна, яе твар, плечы, рукі — былі бледныя да белізны. Яна доўга заставалася нерухомай — і доўга глядзела нерухома і проста з-пад нахмураных броваў. Я і не бачыў ніколі ў яе такога позірку. Пасля яна сціснула рукі, моцна, моцна, паднесла іх да губ — да ілба — і рап-