— Дапраўды, гэта дзіўна, — пачала яна зноў: — як гэта вы гаворыце. А што-б вы далі? — дадала яна. — Гэта значыць я не для сябе пытаюся, а для Акіма.
— Ды з усім будынкам і ўгоддзямі-с, ну, так, вядома, і з зямлёй, якая прытым двары знаходзіцца, дзве тысячы рублёў-бы далі.
— Дзве тысячы рублёў! Гэта мала, — запярэчыла Лізавета Прохараўна.
— Добрая цана-с.
— Да вы з Акімам гаварылі?
— Навошта-ж нам з ім гаварыць? Двор ваш, дык вось, мы з вамі і будзем размаўляць.
— Ды я-ж вам сказала… Дапраўды, проста дзіўна, як гэта вы мяне не разумееце!
— Чаму-ж не разумець, разумеем-с.
Лізавета Прохараўна паглядзела на Навума. Навум паглядзеў на Лізавету Прохараўну.
— Ну дык як-жа, — пачаў ён: — якая будзе, з вашага боку, значыць, прапанова?
— З майго боку… — Лізавета Прохараўна заварушылася на крэсле. — Па-першае, я вам кажу, што двух тысяч мала; а па-другое…
— Калі ласка, соценьку дабавім.
Лізавета Прохараўна ўстала.
— Бачу я, вы зусім не тое гаворыце, я вам ужо сказала, што я гэты двор не магу прадаваць і не прадам. Не магу… гэта значыць не хачу.
Навум усміхнуўся і памаўчаў.
— Ну, як сабе хочаце… — прамовіў ён, злёгку паціснуўшы плячом: — даруйце-с. — І ён пакланіўся і ўзяўся за ручку дзвярэй.
Лізавета Прохараўна павярнулася да яго.
— А зрэшты… — прагаварыла яна з ледзь прыкметнай запінкай: — вы яшчэ не едзьце. — Яна пазваніла; з кабінета з’явілася Кірылаўна. — Кірылаўна, загадай напаіць пана купца чаем. Я вас яшчэ ўбачу, — дадала яна, злёгку кіўнуўшы галавой.
Навум яшчэ раз пакланіўся і вышаў разам з Кірылаўнай. Лізавета Прохараўна разы са два прайшлася па пакоі і зноў пазваніла. На гэты раз увайшоў казачок. Яна загадала яму паклікаць Кірылаўну. Праз некаторы момант увайшла Кірылаўна, ледзь паскрыпваючы сваімі новымі казловымі чаравікамі.