— Так. Ну, напрыклад, каб я была вашай жонкай, што-б вы тады зрабілі?
Белаўзораў памаўчаў. — Я-б сябе забіў.
Зінаіда засмяялася. — Як я бачу, у вас кароткая песня.
Другі фант вышаў Зінаідзін. Яна ўзняла вочы да столі і задумалася. — Вось, паслухайце, — пачала яна нарэшце: — што я выдумала. Уявіце сабе цудоўны палац, летнюю ноч і дзівосны бал. Бал гэты дае маладая каралева. Усюды золата, мармур, хрусталь, шоўк, агні, алмаз, кветкі, курэнні, усё капрызы роскашы.
— Вы любіце роскаш? — перапыніў яе Лушын.
— Роскаш прыгожая, — запярэчыла яна: — я люблю ўсё прыгожае.
— Больш цудоўнага? — запытаўся ён.
— Гэта штосьці хітра — не разумею. Не перашкаджайце мне. Такім чынам, бал надзвычайны. Гасцей мноства, усе яны маладыя, прыгожыя, храбрыя, усё страшэнна закаханы ў каралеву.
— Жанчын няма ў ліку гасцей? — запытаўся Малеўскі.
— Няма… або пачакайце — ёсць.
— Усё непрыгожыя?
— Цудоўныя — але мужчыны ўсе закаханы ў каралеву. Яна высокая і стройная… У яе маленькая залатая дыядэма на чорных валасах.
Я паглядзеў на Зінаіду — і ў гэты момант яна мне здавалася настолькі вышэй за ўсіх нас, ад яе белага ілба, ад яе нерухомых броваў веяла такім светлым розумам і такой уладай, што я падумаў: «ты сама гэта каралева».
— Усе тоўпяцца вакол яе, — прадаўжала Зінаіда: — усе рассыпаюць перад ёй самыя ліслівыя словы.
— А яна любіць ліслівасць? — запытаўся Лушын.
— Які нязносны — усё перапыняе… Хто-ж гэта не любіць ліслівасць?
— Яшчэ адно апошняе пытанне, — заўважыў Малеўскі: — у каралевы ёсць муж?
— Я аб гэтым і не падумала. Не, навошта муж?
— Вядома, — падхапіў Малеўскі: — навошта муж?
— Silence! — усклікнуў Майданаў, які па-французску гаварыў дрэнна.
— Mersi, — сказала яму Зінаіда. — Такім чынам, каралева слухае гэтыя словы, слухае музыку, але, не глядзіць ні на каго з гасцей. Шэсць акон раскрыты зверху да нізу, ад столі да падлогі, а за імі цёмнае неба з вялікімі зоркамі,