ды цёмны сад з вялікімі дрэвамі. Каралева глядзіць у сад. Там, каля дрэў, фантан; ён бялее ў змроку — доўгі, доўгі, як здань. Каралева чуе, скрозь гоман і музыку, ціхі плеск вады; яна глядзіць і думае: вы ўсе панове, благародныя, разумныя, багатыя, вы акружылі мяне, вы даражыце кожным маім словам, вы ўсе гатовы памерці ля маіх ног, я ўладаю вамі… а там каля фантана, каля гэтай плёскаючай вады, стаіць і чакае мяне той, каго я кахаю — хто мною ўладае. На ім няма ні багатага адзення, ні каштоўных каменняў, ніхто яго не ведае, але ён чакае мяне і ўпэўнены што я прыду — і я прыду, і няма такой улады, якая-б спыніла мяне, калі я захачу пайсці да яго і застацца з ім і знікнуць з ім там, у цемені сада, пад шорах дрэў, пад плеск фантана…
Зінаіда змоўкла.
— Гэта… выдумка? — хітра запытаўся Малеўскі.
Зінаіда нават не паглядзела на яго.
— А што-б мы зрабілі панове, — раптам загаварыў Лушын: — калі-б мы былі ў ліку гасцей і ведалі пра гэтага шчасліўца ля фантана?
— Чакайце, чакайце, — перапыніла Зінаіда: — я сама скажу вам, што-б кожны з вас зрабіў. Вьь Белаўзораў, выклікалі-б яго на дуэль; вы, Майданаў, напісалі-б на яго эпіграму — а ў тым, не — вы не ўмееце пісаць эпіграм; вы прыдумалі-б на яго доўгі ямб, накшталт Барб’е, і змясцілі-б свой твор у «Тэлеграфе». Вы, Нірмацкі, пазычылі-б у яго… не, вы-б яму пазычылі за процанты грошай; вы, доктар…
— Яна спынілася… — Вось наконт вас я не ведаю, што-б вы зрабілі.
— Па званню лейб-медыка, — адказваў Лушын: — я параіў-бы каралеве не даваць балаў, калі ёй не да гасцей.
— Магчыма, вы і мелі-б рацыю. А вы, граф…
— А я? — паўтарыў са сваёй нядобрай усмешкай Малеўскі.
— А вы паднеслі-б яму атручаны цукерак.
Твар Малеўскага злёгку перакасіўся і набыў на адзін міг хітры выраз, але ён адразу-ж зарагатаў.
— Што-ж датычыць да вас, Вальдэмар… — прадаўжала Зінаіда: — між іншым, досыць; давайце гуляць у іншую гульню.
— Мс’е Вальдэмар, у якасці пажа каралевы, трымаў-бы ей шлейф, калі-б яна пабегла ў сад, — ядавіта заўважыў Малеўскі.