— Глядзі, глядзі — з пагрозай сказаў Навум: — глядзі, стары, не дурыся…
— Ды бі-ж яго, бі яго, жонка! — цвярдзіў слязлівым голасам Акім, дарэмна і бяссільна парываючыся з месца. — Душагубец, разбойнік… Мала табе яе… і дом ты мой у мяне адабраць хочаш, і ўсё… Ды не, пачакай… гэтага быць не можа. Я пайду сам, я сам скажу… як… за што-ж прадаваць… Пачакай… пачакай… і ён без шапкі кінуўся на вуліцу.
— Куды, Акім Сямёнавіч, куды бяжыш, баценька? — загаварыла служанка Феціння, сутыкнуўшыся з ім у дзвярах.
— Да пані! пусці! Да пані!.. — закрычаў Акім і, убачыўшы Навумаву каламажку, якую не паспелі яшчэ ўзвезці на двор, ускочыў у яе, схапіў лейцы і, сцёбнуўшы з усяе сілы па кані, паімчаўся да панскага двара.
— Матухна, Лізавета Прохараўна, — цвярдзіў ён сам сабе на працягу ўсёй дарогі: — завошта-ж такая няміласць? здаецца стараўся!
І, між тым, ён усё лупцаваў, ды лупцаваў каня. Тыя, хто сустракаўся з ім, стараніліся і доўга глядзелі яму ўслед.
За чвэрць гадзіны даехаў Акім да сядзібы Лізаветы Прохараўны, падляцеў да ганку, саскочыў з воза і проста ўваліўся ў пярэднюю.
— Чаго табе? — прамармытаў спалоханы лакей, які соладка драмаў на коніку.
— Паню, мне трэба паню бачыць, — гучна прагаварыў Акім.
Лакей здзівіўся.
— Хіба што здарылася? — пачаў ён.
— Нічога не здарылася, а мне паню трэба бачыць.
— Што, што, — сказаў яшчэ больш здзіўлены лакей і павольна выпрастаўся.
Акім апамятаўся… Нібы халоднай вадой яго аблілі.
— Далажыце, Пётр Еўграфавіч, пані, — сказаў ён з нізкім паклонам: — Што Акім, вось жадае іх бачыць…
— Добра… пайду… далажу… а ты, знаць п’яны, пачакай, — прабурчэў лакей і пайшоў.
Акім апусціў вочы і нібы збянтэжыўся… Рашучасць хутка знікла ў ім з самага таго моманту, як толькі ён уступіў у прыхожую.
Лізавета Прохараўна таксама збянтэжылася, калі далажылі ёй аб прыходзе Акіма. Яна адразу-ж загадала паклікаць Кірылаўну да сябе ў кабінет.
— Я не магу яго прыняць, — спяшаючыся загаварыла яна, як толькі тая паказалася: — ніяк не магу… Што я яму скажу?