Я-ж казала табе, што ён абавязкова прыдзе і будзе скардзіцца — дадала яна са смуткам і хваляваннем: — я казала…
— А навошта-ж вам яго прымаць, — спакойна запярэчыла Кірылаўна: — гэтага і непатрэбна-с. Дзеля чаго вы будзеце трывожыцца, скажыце.
— Ды што-ж зрабіць?
— Калі дазволіце, я з ім пагавару.
Лізавета Прохараўна падняла галаву.
— Зрабі ласку, Кірылаўна. Пагавары з ім. Ты скажы яму… там — ну, што я палічыла патрэбным… а ў тым, што я яго ўзнагароджу… ну, там, ты ўжо ведаеш. Калі ласка, Кірылаўна.
— Не трывожцеся, панечка, — запярэчыла Кірылаўна і пайшла, паскрыпваючы чаравікамі.
Чвэрці гадзіны не прайшло, як скрып іх пачуўся зноў, і Кірылаўна ўвайшла ў кабінет з тым-жа спакойным выразам на твары, з той-жа хітрай кемлівасцю ў вачах.
— Ну, што, — запыталася ў яе пані: — што Акім?
— Нічога-с. Гаворыць, што ўсё ў волі міласці вашай, былі-б вы здаровы і шчаслівы, а з яго век стане.
— І ён не скардзіўся?
— Ніяк не. Чаго яму скардзіцца?
— Чаго-ж ён прыходзіў? — прагаварыла Лізавета Прохараўна не без некаторага неўразумення.
— А прыходзіў ён прасіць, пакуль да ўзнагароды, ці не будзе ласка ваша аброк яму дараваць, на наступны год, значыцца…
— Вядома, дараваць, дараваць, — узрадавана падхапіла Лізавета Прохараўна: — вядома. З прыемнасцю. І наогул, скажы яму, што я яго ўзнагароджу. Ну, дзякуй табе, Кірылаўна. А ён, бачу я, добры мужык. Пачакай, — дадала яна: — дай яму вось гэта, ад мяне. — І яна дастала з рабочага століка трохрублёвую асігнацыю. — Вось, вазьмі, аддай яму.
— Слухаю вас, — сказала Кірылаўна і, спакойна вярнуўшыся ў свой пакойчык, спакойна замкнула асігнацыю ў каваную скрыначку, што стаяла ля яе ўзгалоўя; яна захоўвала ў ёй усе свае грошы, а іх было не мала.
Кірылаўна данясеннем сваім супакоіла паню, але размова паміж ёю і Акімам адбывалася, у сапраўднасці, не зусім так, як яна перадала; а іменна: яна загадала яго паклікаць да сябе ў дзявоцкую. Ён перш было не пайшоў да яе, абвясціўшы пры гэтым, што жадае бачыць не Кірылаўну, а самую Лізавету Прохараўну, аднак, нарэшце, паслухаў і пайшоў праз задні ганак да Кірылаўны. Ён застаў яе адну. Увайшоўшы ў пакой,