Аўдоцця ўстала, падышла да Акіма і зноў кінулася яму ў ногі.
— Баценька, — пачала яна слабым голасам.
Акім устаў і пайшоў назад да воза. Яна ўхапілася за палу яго світы.
— Пайшла вон! — крыкнуў ён злосна, і адштурхнуў яе.
— Куды-ж ты? — запытаўся ў яго Яфрэм, убачыўшы, што ён зноў да яго садзіцца.
— А ты хацеў мяне да двара падвезці, — прагаварыў Акім: — дык давязі ўжо мяне да свайго двара… Майго вось, бачыш, нястала. Купілі, бач, яго ў мяне.
— Ну, давай, паедзем да мяне. А з ёю што?
Акім нічога не адказаў.
— А мяне-ж, мяне, — падхапіла з плачам Аўдоцця: — мяне на каго ты пакідаеш… куды-ж я пайду?
— Да яго ідзі, — запярэчыў, не паварачваючыся, Акім: — да каго ты грошы мае занесла… Паганяй, Яфрэм!
Яфрэм ударыў па кані, калёсы пакаціліся, Аўдоцця загаласіла…
Яфрэм жыў за вярсту ад Акімавага двара, у маленькай хатцы, на папоўскай слабодцы, што знаходзілася каля адзінокай пяцівежавай царквы, нядаўна пабудаванай наследнікамі багатага купца, з прычыны духоўнага завяшчання. Яфрэм усю дарогу нічога не гаварыў Акіму, і толькі зрэдку ківаў галавой і выказваў словы: «Ах, ты!» ды: «Эх, ты!» Акім сядзеў нерухома, крыху адвярнуўшыся ад Яфрэма. Нарэшце, яны прыехалі. Яфрэм саскочыў першы з воза. Яму насустрач выбегла дзяўчынка гадоў шасці, у нізка падперазанай кашульцы, і закрычала:
— Тата! тата!
— А дзе твая маці? — запытаўся ў яе Яфрэм.
— Спіць у закутку.
— Ну, няхай спіць. Акім Сямёныч, што-ж вы, калі ласка ў пакой.
(Трэба заўважыць, што Яфрэм «тыкаў» яго толькі будучы п’яным. Акіму і не такія асобы гаварылі вы.)
Акім увайшоў у дзякаву хату.
— Вось сюды, на лавачку, калі ласка, — гаварыў Яфрэм.
— Ідзіце адсюль, жэўжыкі, — крыкнуў ён на траіх другіх дзяцей, якія разам з двума худымі і выпацканымі ў попел катамі паявіліся раптам з розных куткоў пакоя. — Ідзіце вон! Ну! Сюды, сюды, Акім Сямёныч, сюды, — прадаўжаў ён, садзячы госця: — ды можа загадаеце чаго?