— Добры дзень, — адказваў Акім і, мінуючы старога, увайшоў у вароты сваёй хаты… На дварэ стаялі яго коні, карова, калёсы; тут-жа хадзілі яго куры. Ён моўчкі ўвайшоў у хату. Стары пайшоў за ім. Акім прысеў на лаўку, і абапёрся аб яе кулакамі. Стары жаласліва паглядаў на яго, стоячы ля дзвярэй.
— А дзе гаспадыня? — запытаўся Акім.
— А ў панскім доме, — жвава сказаў стары. — Яна там. Тут тваю скаціну паставілі, ды куфры, якія былі, а яна там. Можа схадзіць па яе?
Акім памаўчаў.
— Схадзі, — прагаварыў ён, нарэшце.
— Эх, дзядзька, дзядзька, — сказаў ён уздыхнуўшы, пакуль той даставаў з цвіка шапку: — памятаеш, ты мне што напярэдадні вяселля сказаў?
— На ўсё воля божая, Акімка.
— Памятаеш, ты мне сказаў, што, моў, я вам, мужыкам, не свой брат, а цяпер вось якія часы насталі… Сам гол, як сакол, стаў.
— З-за благіх людзей жыцця няма, — адказаў стары: — а яго, гадзюку, каб хто мог правучыць добра, пан, напрыклад, які, ці другая ўлада, а то чаго яму баяцца? Воўк, дык воўчую звычку і мае. — І стары надзеў шапку і пайшоў.
Аўдоцця толькі што вярнулася з царквы, калі ёй сказалі, што дзядзька мужа яе пытаецца. Да таго часу яна вельмі рэдка яго бачыла; ён да іх на пастаялы двор не заходзіў і наогул яго лічылі дзіваком: страшэнна любіў табак і больш за ўсё маўчаў.
Яна вышла да яго.
— Чаго ты, Пятровіч, можа што здарылася?
— Нічога не здарылася, Аўдоцця Арэф’еўна; муж пытаецца цябе.
— Хіба ён вярнуўся.
— Вярнуўся.
— Ды дзе-ж ён?
— А на сяле, у хаце сядзіць.
Аўдоцця спалохалася.
— Што, Пятровіч, — запыталася яна, гледзячы яму проста ў вочы: — злуецца ён?
— Не відаць, каб злаваўся.
— Ну, пойдзем, — сказала яна, надзела вялікую хустку, і абое пайшлі. Моўчкі ішлі яны да самай вёскі. Калі яны сталі