зямлі пакланілася і ціха пайшла за сынам. Ольга Іванаўна моўчкі і нерухома праводзіла яе вачыма. Васіль хуценька вярнуўся, схапіў яе за руку, шапнуў ёй на вуха: «паверце мне і не выдайце нас», — і адразу-ж вышаў ад яе… «Бурс’ё», закрычаў ён, спускаючыся шпарка ўніз па лесвіцы. — «Бурс’ё!..»
Праз чвэрць гадзіны ён ужо сядзеў у каламажцы са сваім слугою.
У гэты дзень старога Рагачова не было дома. Ён паехаў у павятовы горад купляць мухаяру на кафтаны сваім чалядзінцам. Павел Апанасавіч сядзеў у сябе ў кабінеце і разглядаў калекцыю палінялых матылькоў. Прыўзняўшы бровы і выцягнуўшы губы, ён асцярожна пераварочваў шпількай крохкія крыльцы «начнога сфінкса», як раптам адчуў у сябе на плячы невялікую, але цяжкую руку. Ён азірнуўся — перад ім стаяў Васіль.
— Добры дзень, Васіль Іванавіч, — прагаварыў ён не без некаторага здзіўлення.
Васіль паглядзеў на яго і сеў перад ім на крэсла.
Павел Апанасавіч усміхнуўся было… ды зірнуў на Васіля, апусціўся, раскрыў рот і склаў рукі.
— А скажыце вось, Павел Апанасавіч, — загаварыў раптам Васіль: — ці хутка вы маеце намер згуляць вяселлейка?
— Я?.. хутка… вядома… я, з майго боку… між іншым, як вы і ваша сястрыца… я, з майго боку, гатоў хоць заўтра.
— Цудоўна, цудоўна. Вы чалавек надта нецярплівы, Павел Апанасавіч.
— Як гэта?
— Слухайце, — дадаў Васіль Іванавіч, устаючы: — Я ўсё ведаю; вы мяне разумееце, і я вам загадваю без адкладу, заўтра-ж ажаніцца з Ольгай.
— Чакайце, чакайце, аднак, — запярэчыў Рагачоў, не ўстаючы з месца: — вы мне загадваеце? Я сам шукаў рукі Ольгі Іванаўны, і мне няма чаго загадваць… прызнаюся, Васіль Іванавіч, я вас штосьці не разумею.
— Не разумееш?
— Не, дапраўды, не разумею.
— Абяцаеш ты мне жаніцца з ёю заўтра-ж?
— Дык скажыце-ж, Васіль Іванавіч, ці не самі вы неаднаразова адкладалі наша вяселле? Без вас яно даўно-б ужо адбылося. І цяпер я і не думаю адмаўляцца. Што-ж