Ля аднаго майдана[1] Ягор раптам спыніўся і падазваў мяне.
— Мядзведзь вады хацеў дастаць, — сказаў ён, паказваючы на шырокую, свежую драпіну на самай сярэдзіне ямы, якая зарасла дробным мохам.
— Гэта след яго лапы? — запытаўся я.
— Яго; ды вада вось высахла. На той сасне таксама яго след: па мёд лазіў. Як нажом прарэзаў, кіпцюрамі.
Мы прадаўжалі ісці ў самую гушчу лесу. Ягор толькі зрэдку паглядаў уверх і ішоў далей спакойна і самаўпэўнена. Я ўбачыў круглы, высокі вал, абведзены напалову засыпанай канавай.
— Што гэта, таксама майдан? — запытаўся я.
— Не, — адказваў Ягор: — тут зладзейскі гарадок стаяў.
— Даўно?
— Даўно; дзяды нашы ледзь памятаюць. Тут і клад закопан. Ды зарок пакладзен моцна: на чалавечую кроў.
Мы прайшлі яшчэ вярсты са дзве; мне захацелася піць.
— Пасядзіце крыху, — сказаў Ягор: — я схаджу па ваду, тут калодзеж недалёка.
Ён пайшоў: я застаўся адзін.
Я прысеў на ссечаны пень, абапёрся локцямі на калені і, пасля доўгага маўчання, павольна падняў галаву і азірнуўся. О, як усё навокал было ціха і сурова-сумна — не, нават не сумна, а нема, холадна і ў той-жа час грозна! Сэрца маё сціснулася. У гэты момант, на гэтым месцы, я адчуў подых смерці, я адчуў, я амаль асязаў яе блізкасць. Хоць-бы адзін гук задрыжэў, хоць-бы адзін шолах пачуўся ў нерухомым зеве абступіўшага мяне бору! Я зноў, амаль са страхам, апусціў галаву; нібы я зазірнуў кудысьці, куды не след заглядаць чалавеку… я закрыў вочы рукою — і раптам, нібы падпарадкуючыся таямнічаму загаду, я пачаў прыпамінаць усё сваё жыццё…
Вось прамільгнула перада мною маё дзяцінства, шумлівае і ціхае, задзёрыстае і добрае, са спяшлівымі радасцямі і хуткімі смуткамі; затым узнікла маладосць, невыразная, дзіўная, самалюбная, з усімі яе памылкамі і пачынаннямі, з бязладнай працай і ўсхваляванай бяздзейнасцю… успомніліся і яны, таварышы першых імкненняў… пасля, як маланка ў ночы, прамільгнула некалькі светлых успамінаў… затым пачалі нарастаць і насоўвацца цені, цямней і цямней стала
- ↑ „Майдан“ называецца месца, дзе гналі дзёгаць.