Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

навокал, глушэй і павольней пабеглі аднастайныя гады — і каменем на сэрца апусціўся смутак. Я сядзеў нерухома і глядзеў, глядзеў са здзіўленнем і намаганнем, нібы ўсё жыццё сваё я перад сабою бачыў, нібы скрутак разгортваўся ў мяне перад вачыма. О, што я зрабіў! мімаволі шапталі горкім шэптам мае губы. О, жыццё, жыццё, куды, як прайшло ты так бясследна? Як выслізнула ты з моцна сціснутых рук? ці ты мяне ашукала, ці я не ўмеў скарыстаць твае дары? Ці магчыма? Гэта маласць, гэта жменя пыльнага попелу — вось усё, што засталося ад цябе? Гэта халоднае, нерухомае, непатрэбнае нешта — гэта я, той ранейшы я? як? Душа прагнула шчасця такога поўнага, яна з такой пагардай адвергла ўсё дробнае, усё недастатковае; яна чакала: вось-вось нахлыне шчасце патокам — і ні адна кропля не змачыла сасмягшых губ? О, залатыя мае струны, вы, так чутка, так прыемна дрыжэўшыя калісьці, я так і не пачуў вашага спявання… вы і звінелі толькі — калі рваліся. Або, магчыма, шчасце, прамое шчасце ўсяго жыцця праходзіла блізка, міма, усміхалася прамяністай усмешкай — ды я не ўмеў распазнаць яго бажэственага твара. Або яно, можа, наведвала мяне і сядзела ў галавах маёй пасцелі, ды забылася мною, як сон? Як сон, паўтараў я маркотна. Няўлоўныя вобразы блукалі па душы, узбуджаючы ў ёй ні то жаласлівасць, ні то неразуменне… А вы, думаў я, мілыя, знаёмыя, загінуўшыя твары, вы, абступіўшыя мяне ў гэтай мёртвай самоце, чаму вы так глыбока і сумна маўклівыя? З якога бяздоння ўзніклі вы? Як мне зразумець вашы загадкавыя позіркі? Ці вы развітваецеся са мной, ці вы вітаеце мяне? О, няўжо няма надзеі, няма звароту? Навошта паліліся вы з вачэй, скупыя, познія кроплі? О, сэрца, дзеля чаго, навошта яшчэ шкадаваць, старайся забыцца, калі хочаш спакою, прывучайся да пакорлівасці апошняй разлукі, да горкіх слоў: «бывай» і «назаўсёды». Не азірайся назад, не ўспамінай, не імкніся туды, дзе светла, дзе смяецца маладосць, дзе надзея ўвенчваецца кветкамі вясны, дзе галубка-радасць махае прамяністымі крыкамі, дзе каханне, як раса пры ўсходзе сонца, ззяе слязьмі захаплення; не глядзі туды, дзе вялікае шчасце, і вера, і сіла — там не наша месца!

— Вось вам вада — пачуўся ззаду ў мяне гучны голас Ягора: — піце на здароўе.

Я мімаволі ўздрыгануўся: жывая гэта гаворка здзівіла