Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

шкада мне вас, святаўскіх, такога вам злодзея другога не нажыць.

Кандрат засмяяўся.

— Жартаўнік ты, дзядзька, дапраўды жартаўнік, — прагаварыў ён і тузануў лейцамі. Коні рушылі.

— Тпру, — прагаварыў Яфрэм. Коні спыніліся. Кандрату не спадабалася гэта выхадка.

— Досыць сваволіць, Аляксандрыч, — заўважыў ён упоўголаса. — Бач, з панам едзем. Раззлуецца яшчэ.

— Эх ты, марскі качар! Чаго яму злавацца? Пан ён добры. Вось паглядзі, ён мне на гарэлку дасць. Эх, панок, дай прахадзімцу на поўкварты! Расцісну-ж я яе, — падхапіў ён, падняўшы плячо да вуха і скрыпнуўшы зубамі.

Я мімаволі ўсміхнуўся, даў яму грыўню і загадаў Кандрату ехаць.

— Многа ўдзячны, ваша благародзіе, — крыкнуў па-салдацку нам услед Яфрэм. — А ты, Кандрат, наперад ведай, у каго вучыцца, збаяўся — прапаў, смел — з’еў. Як вернешся, у мяне пабывай, чуеш, у мяне тры дні п’янка цягнуцца будзе, закінем глыткі са два, жонка ў мяне баба хлёцкая, двор во… Гэй, сарока-белабока, гуляй, пакуль хвост цэлы! І засвістаўшы рэзкім свістам, Яфрэм шмыгнуў у кусты.

— Што за чалавек? — запытаўся я ў Кандрата, які, седзячы ў перадку, усё трос галавой, нібы разважаючы сам з сабою.

— Той вось? — перапытаў Кандрат і панурыўся. Той? — паўтарыў ён.

— Так. Ён ваш?

— Наш, святаўскі. Гэта такі чалавек… Такога на сто вёрст другога не знойдзеш. Злодзей і крудель такі — і божа ты мой! На чужое дабро ў яго вока так і карабаціцца. Ад яго і ў зямлю не схаваешся, а што грошы, напрыклад, дык і з-за пазухі нават выцягне, ты не заўважыш.

— Які ён смелы!

— Смелы? Ды ён нікога не баіцца. Ды вы паглядзіце на яго: па фіназоміі бестыян, па носе відаць. (Кандрат часта ездзіў з панамі і ў губернскім горадзе бываў, а таму любіў пры выпадку паказаць сябе.) Яму-ж і зрабіць нічога нельга. Колькі разоў яго і ў горад вазілі, і ў астрог саджалі, — толькі страты адны. Яго пачнуць вязаць, — а ён кажа: «што-ж, моў, вы тую нагу не путаеце? путайце і тую, ды мацней, а я пакуль пасплю. А дадому я раней за вашых праважатых паспею». Глядзіш, праўда, зноў вярнуўся, зноў тут, ах ты,