ня чуваць было іх грому, Раман чагось маркоціўся, як-бы для яго нешта трацілася; калі-ж іх грукат зноў дрыгацеў у паветры, калышучы і поўнячы яго грознаю музыкаю зьнішчэньня, Раману зноў рабілася страшна і разам з тым і прыемна, бо ў гэтым грукаце чуецца нейкая моц, ёсьць бура жыцьця, а кожная бура і палохае і захапляе.
II
Пятро і Захар ужо былі недалёка. Раман разьвязаў кісет у той надзеі, што ўжо адзін выгляд гасьцінна разьвязанага кісету зьверне на сябе ўвагу падарожных і паслужыць яшчэ аднэю зачэпкаю для таго, каб Захар з Пятром прыселі тут, тым болей, што тутун меўся ня ў кожнага, бо трудна было даставаць яго.
І ён не памыліўся. Пятро і Захар падыходзілі сюды, сур'ёзныя і задумлёныя.
- Чуеце, як грукоча? - Такім запытаньнем спаткаў Раман падарожных.
-Здорава жараць, - адказаў Захар, здароўкаючыся з Раманам.
Пятро, пануры, заклапочаны, моўчкі апусьціўся на дол.
- І дзе-б гэта магло быць? - запытаў Раман.