Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

НА СКІБАХ ПЛЁННАГА РАДНА

Палаюць дні ў няспынным русе,
Нязьлічыш іхняй чарады…
Я ўжо на зоры не малюся
І не хварэю ад нуды.

Людзьмі аплаканая восень
Ляжыць з быльлём на чорным дне…
І з кім сустрэцца давялося,
Ўжо ня прыходзіць да мяне.

Мне гэты міг зусім ня дораг,
На скібах плённага радна —
Ўчарашні сябра сёньня вораг,
Такое нам не навіна.

Аджытаму парой суровай
Былую боль не загаіць.
Загінулі ў імгле барвовай
Ідылій фарбавых страі.

У постацях панурых лікі
Бягуць зьбянтэжана з двара…
Пад звон вятроў даўно адвыклі
Яны сьмяяцца i згараць.