Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

Людзей я сэрцам адчуваю
І непарушнымі між іх
Данёс я струны — самаграі
Да новых нясутрымных крыг.

Данёс я і сябе — (жывога)…
Кіпіць абвесьнены прасьцяг.
Яшчэ ня бачыў я такога
Найбурлівейшага жыцьця.

Нібы патокі буйных рэчак,
Шляхі бягуць, шляхі бруяць.
Аб перамогах чалавечых
Сьпявае радасная гаць.

На гонях росных новай працай
Шуршаць барозны буйных скіб.
Ідзе за лепшы лёс змагацца
Наш край заводаў і сяліб.

І, пэўны волі колектыву,
Іду і я… І ў гэты час
Я не даюся болей дзіву,
Што разьвялі дарогі нас.