Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

Бывае збудзеш ты бяду, —
Другая, лепшая паўстане.
Шукаць па сьцежках я ня йду
Таго, што згублена да званьня.

Які звычай — мінаць двары,
Пытацца: можа хто ня бачыў?..
Чаму патрэбна — адгарыць,
Сплыве з імгой людзкога плачу.

Хто бурай выкінут на мель, —
Згубіўшы рух мяцежнай плыні,
Ён ня збудуе карабель
З пяску, лілей і багавіньня.

На супярэчлівым шляху
Закон суровасьці ня зьмірыць…
І ў час (няўдзячлівы крыху)
Затым, быць можа, я і лірык.

Таму і ў песьні шмат душы,
І шмат нявызнанага тлуму,
І ў сэрцы тога ня зглушыць,
Што перасьніў я, перадумаў.