Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

СЯРОД ДАРОГ

Дзікаркай кволай на крыжы
Прысела спуджаная ночка.
На спад ад ворага бяжыць
З вадой худзенькая асочка.

Аднекуль з боку надыйшлі
Жалезам ўзброеныя людзі
І рэжуць чэрава зямлі,
І ломяць лоз старыя грудзі.

Балота сьпетую красу
Абмераў шнур тугі і строгі…
Ваўкі грызуць шалёны сум,
Кідаюць цёплыя бярлогі.

Дзікліва зграямі ідуць
Шукаць кватэр, калі дзе знойдуць…
Гушчар на гольлях, як бяду,
Кавалкі поўсьці стане гойдаць.

Гушчар прагнаным белакам
Яшчэ сагрэе дум намеры,
Пакуль ня ляжа ў покат сам
Пад сьмех бязьлітаснай сякеры.