Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

Клічуць гады хэўру злую —
Па зямлі кладзецца рэха…
Мы даўно іх роспач чуем,
Адбываем дружным сьмехам.

Ўжо даўно у нас да вою
Прызвычаіліся вушы…
… Вецер валкаю рукою
Пачародна зоркі тушыць.

Надыходзіць ранак звонкі.
Заклапочана ў хлеве,
Як бяроза у далонкі,
Лапатаць узяўся певень.

Як дзяўчына (у белай хусьце)
Пярыць пранікам палотны…
Воўк падойдзе мызу спусьціць
І назад ідзе самотны.

Хоць і мелася б здабыча,
Ды з сялом благія жарты…
Стане — й сход зьвярыны кліча
Цешыць воўчую упартасьць.

Даль шуміць… Гараць аблоні.
Расьцьвітае ў небе чырвань.
Новым днём зямля гамоніць,
Дзень стары навекі вырван.