Старонка:Выбраныя вершы (Чарот, 1925).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

БАЛОТАМ СЬНЕЖНЫМ ПРАЗ
САСОНЬНІК

Балотам сьнежным праз сасоньнік,
Які смалёвым пахам вабіць,
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць.

Люблю, як кусьцік нізкарослы,
Калі з саней назад паглянеш,
Нібы, адкінуўшы ён вёслы
Плыве на белым акіяне.

Пакуты стог люблю аб‘ехаць,
Сьляды наўкол зрабіць палозьзем,
І сена выскубнуўшы вехаць,
Люблю раськідаць па дарозе.

Люблю, як санкі мчацца з плачам
Пісклявы гымн зіме заводзяць,
А конь падкуты чортам скача,
Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.