лепш было-б пайсці да вас дадому. Мне не хацелася-б гаварыць пры ўсіх; пасля вы можаце расказаць вашым прыяцелям, што знойдзеце патрэбным. Гэта мяне не датычыць.
Сярод усеагульнага неўразумення і маўклівасці, мы вышлі ўтраіх з шынка «Трох Вясёлых Грабцоў» і моўчкі накіраваліся да нашага дому.
Наша нарада адбывалася ў парадным гасціным пакоі, слаба асветленым адной свечкаю. Пачалася яна з таго, што незнаёмы джэнтльмен сеў за стол, падсунуў да сябе свечку і пачаў праглядаць заметкі ў сваёй запісной кніжцы. Затым ён адклаў кніжку, адставіў свечку і пачаў пільна ўглядацца то ў мяне, то ў Джо, стараючыся разглядзець нас у цемнаце.
— Мяне завуць Джагерс, — сказаў ён, — я адвакат з Лондана, і імя маё даволі вядома. У мяне да вас не зусім звычайная справа, і я проста заяўляю, што выконваю яе па даручэнню. Калі-б у мяне папрасілі парады, мяне не было-б тут.
Ён устаў і ўпёрся каленам у сядзенне крэсла, а тулавам прыпёрся да спінкі. Стоячы такім чынам на адной назе і апіраючыся на калена другой, ён казаў далей:
— Ну, Джозеф Гарджэры, я з‘яўляюся да вас з прапановаю адпусціць гэтага маладога чалавека, вашага вучня. Ці згодзіцеся вы знішчыць вашу ўмову з ім па яго жаданню і дзеля яго карысці і ці запатрабуеце за гэта якой-небудзь узнагароды?
— Крый божа, каб я патрабаваў чаго-небудзь за тое, што не стану перашкаджаць шчасцю Піпа, — сказаў Джо, шырока раскрыўшы вочы.
— «Крый божа» гучыць вельмі набожна, але не пасуе да справы. Пытанне ў тым: ці жадаеце вы атрымаць што-небудзь? Ці патрэбна вам што-небудзь?
106