— Я ўжо адказаў вам: «не», — прагаварыў сурова Джо.
— Вельмі добра, — сказаў містэр Джагерс. — Памятайце-ж, што вы сказалі, і не ўздумайце потым адмовіцца ад сваіх слоў.
— Хто-ж думае адмаўляцца? — запярэчыў Джо.
— Я і не кажу, што хто-небудзь думае. Звяртаюся да гэтага маладога чалавека. Я павінен паведаміць яму, што яго чакае бліскучая будучыня.
Мы з Джо разявілі раты і пераглянуліся.
— Мне даручылі паведаміць яму, — казаў далей містэр Джагерс, паказваючы на мяне пальцам, — што ён атрымае добрае забеспячэнне. Далей, што ўладальнік гэтага забеспячэння жадае, каб ён зараз-жа пакінуў цяперашні стан жыцця, паехаў адсюль і быў выхаван, як належыць джэнтльмену, інакш кажучы, як малады чалавек з вялікімі чаканнямі ў будучым.
Мае мары збываліся; рэчаіснасць перавысіла самыя смелыя мае фантазіі. Міс Гевішам мела намер наладзіць маю будучыню, не шкадуючы сродкаў.
— Цяпер, містэр Піп, — казаў далей адвакат, — усё, што я маю яшчэ сказаць, датычыць асабіста вас. Па-першае, асоба, якая ўшанавала мяне сваім давер‘ем, ставіць абавязковай умоваю, каб вы заўсёды называліся Піпам. Спадзяюся, што вы нічога не маеце супроць таго, каб вашы вялікія чаканні былі абмежаваны такою лёгкаю ўмовай. Але калі вы маеце зрабіць якія-небудзь пярэчанні, дык прашу зрабіць іх зараз-жа.
Я ледзь мог прамармытаць, што не маю ніякіх пярэчанняў.
— Я думаю! Цяпер па-другое. Вам трэба зразумець, містэр Піп, што імя асобы, якая так шчодра асыпае вас сваімі дабрадзеяннямі, павінна застацца для вас тайнаю да таго часу, пакуль яна сама не
107