Дарогаю я ўсё паглядваў на містэра Веміка, мне хацелася разглядзець яго пры дзённым святле. Ён аказаўся сухім чалавечкам невялікага росту, з квадратовым драўляным тварам, нібы абчэсаным тупым долатам; на гэтым твары віднеліся нейкія знакі, якія можна было-б прыняць за ямінкі, калі-б матэрыял быў больш далікатны, а інструмент больш тонкі, але якія цяпер мелі выгляд простых засечак. У яго былі бліскучыя маленькія вочкі, чорныя і незвычайна вострыя і тонкія губы. На мой погляд, яму магло быць ад сарака да пяцідзесяці гадоў.
— Вы першы раз у Лондане? — запытаўся ў мяне Вемік.
— У першы раз, — адказаў я.
— Калісьці і я быў тут навічком, смешна нават успомніць.
— А цяпер вы добра вывучылі Лондан?
— А як-жа! Я ведаю яго ўдоўж і ўпоперак.
— Машэнніцкі горад, я думаю, — сказаў я, хутчэй каб падтрымаць гутарку, чым з цікаўнасці.
Ён ссунуў капялюш на патыліцу і ішоў з задуменным выглядам, гледзячы прама перад сабою, як быццам на вуліцах не было зусім нічога вартага ўвагі.
Яго рот ніколі не закрываўся, нагадваючы адтуліну паштовай скрынкі, і таму здавалася, што ён заўсёды ўсміхаўся.
— Вы ведаеце, дзе жыве містэр Мацью Покет? — запытаў я містэра Веміка.
— Так, у Гамерсміце, у заходнім Лондане, — адказаў ён, кіўнуўшы ў той бок галавою.
— Гэта далёка?
— Міль пяць будзе.
— Вы знаёмы з ім?
— Аднак-жа вы надзвычайна спрытны следчы, — заўважыў містэр Вемік, зірнуўшы на мяне з ухвальным выглядам. — Так, я знаю яго. Я знаю яго!
129