Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/136

Гэта старонка не была вычытаная

але затое ўсё астатняе нагадвала хутчэй ваенную стаянку, чым сталовую. У сувязі з гэтым і ў лакея з‘явілася жаданне ставіць на падлогу накрыўкі ад блюдаў (на якія ён потым спатыкаўся), топленае масла на крэсла, хлеб на кнігі, сыр у вугальную скрынку, вараную курыцу ў суседні пакой на маю пасцель, дзе я знайшоў потым, кладучыся спаць, добрую порцыю застыўшай падліўкі. Усё гэта рабіла наш абед чароўным, і, калі лакей выходзіў з пакоя, задавальненне маё было поўнае.

Абед падыходзіў ужо да канца, калі я напомніў Герберту яго абяцанне расказаць мне пра міс Гевішам.

— Сапраўды, — сказаў ён, — і я зараз яго выканаю; але спачатку дазвольце, Гендзель, заўважыць вам, што ў Лондане не ў звычаі есці з нажа, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, і што хоць для гэтай мэты прызначаецца відэлец, але і яго не трэба засоўваць далей, чым таго патрабуе неабходнасць. Аб гэтым не варта было-б і ўпамінаць, але лепш рабіць так, як робяць іншыя.

Ён зрабіў гэтую таварыскую заўвагу так проста і весела, што мы абодва зарагаталі і я амаль не сканфузіўся.

— А цяпер, — казаў далей ён, — пагутарым пра міс Гевішам. Міс Гевішам, трэба вам заўважыць, была распешчаным дзіцём. Шаноўны містэр Гевішам быў вельмі багаты і вельмі горды. Такою-ж вышла і дачка яго.

— Міс Гевішам была яго адзіным дзіцём? — запытаў я.

— Майце цярплівасць, я зараз да гэтага перайду. Не, яна была не адзіным дзіцём, — у яе быў яшчэ брат па бацьку. Міс Гевішам зрабілася багатаю наследніцай, і на яе пачалі глядзець як на выгодную партыю. Брат яе меў таксама вялікае багацце, але, з аднаго баку, ранейшыя даўгі, а з другога — новыя марнатраўствы неўзабаве разарылі яго.

135