Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/143

Гэта старонка была вычытаная

спальню, вельмі прыгожую і мэбляваную так, што яна магла з выгодаю служыць мне і гасціным пакоем. Потым ён пастукаў у дзверы двух суседніх такіх-жа пакояў і прадставіў мяне іх жыхарам, Дрэмлю і Стартопу. Дрэмль, старападобны малады чалавек з вельмі важкай фігурай, насвістваў нейкі матыў. Стартоп, маладзейшы і гадамі і выглядам, чытаў, падтрымліваючы галаву рукамі, нібы баяўся, што яна лопне ад празмернага перапаўнення ведамі.

З першага погляду было відаць, што містэр і місіс Покет знаходзіліся пад нечаю апекаю; гэта да такой ступені кідалася ў вочы, што мяне вельмі зацікавіла пытанне, хто-ж быў сапраўдным гаспадаром дома і місласліва дазваляў ім жыць у ім, пакуль я не адкрыў, што гэтай таямнічай сілаю была іх прыслуга. Вельмі можа быць, што гэта быў зручны спосаб пазбягаць усялякіх клопатаў, але абыходзіўся ён даволі дорага, таму што прыслуга пры такіх умовах лічыла сваім свяшчэнным абавязкам добра есці і піць і прымаць на кухні вялікую колькасць гасцей.

Пакуль за сталом я добрасумленна займаўся сваім нажом, відэльцам, лыжкаю, шклянкаю і іншымі прыладамі самазнішчэння, я даведаўся з размовы паміж місіс Покет і Дрэмлем, што імя гэтага джэнтльмена — Бентлі, і што ён бліжэйшы (калі мінуць яшчэ больш блізкага) наследнік аднаго баранета. Далей высветлілася, што кніга, якую місіс Покет чытала ў садзе, — радаслоўная кніга, і што місіс Покет цвёрда ведае год і чысло, калі яе дзядуля павінен быў-бы трапіць у гэтую кнігу, калі-б яму суджана было заняць у ёй месца.

Пасля абеду прывялі дзяцей, іх было чатыры дзяўчынкі і два хлопчыкі, не лічачы бэбі, які мог быць і тым і другім. Флапсон і Мілерс прывялі ўсю гэту кампанію так, нібы яны былі не нянькі, а сержанты, якія навербавалі салдат ў розных месцах і даставілі іх куды належыць для рэгістрацыі.

142